Польшча разгарнула танкавы батальён непадалёк ад мяжы з Беларуссю

На першым этапе стварэння падраздзялення ў Чартаеве будзе дыслакавана больш за сотню салдат, а ў перспектыве — некалькі сотняў на пастаяннай аснове.

13.11.2023 / 07:47

Марыюш Блашчак. Фота: Мінабароны Польшчы

Польшча разгарнула ў пасёлку Чартаеве (Семятыцкі павет) недалёка ад беларускай мяжы новы танкавы батальён у складзе 1-й пяхотнай дывізіі, паведамляе Мінабароны Польшчы.

12 лістапада ў Чартаеве кіраўнік Мінабароны Марыюш Блашчак узяў удзел у адкрыцці новай вайсковай часткі і сустрэўся з вайскоўцамі новастворанай 1-й пяхотнай дывізіі.

Адзначаецца, што ў пасёлку ўжо разгорнуты кантэйнерны гарадок, а ў найбліжэйшыя гады плануецца развіццё пастаяннай інфраструктуры.

На першым этапе стварэння падраздзялення тут будзе дыслакавана больш за сотню салдат, а ў перспектыве — некалькі сотняў на пастаяннай аснове.

Падраздзяленне будзе мець на ўзбраенні сучасную тэхніку, закупленую для Польшчы ў апошнія гады — танкі К2, мінамёты Rak, ЗРК Poprad.

Google.maps

Фарміраванне 1-й пяхотнай дывізіі пачалося ў верасні 2022 года. Яна будзе складацца з 12 вайсковых частак: 4 агульнавайсковых брыгадаў, артылерыйскай брыгады, 4 палкоў ваенных тыпаў і 3 спецыялізаваных батальёнаў.

Плануецца, што дывізія будзе налічваць больш за 30 тысяч салдат.

«Мы ўсведамляем пагрозы. Мы добра ведаем, што крамлёўскія кіраўнікі развязалі вайну, бо хочуць аднавіць Расійскую імперыю. Гэта заўсёды было пагрозай для народаў, якія жылі па суседстве.

Таму, каб прадухіліць напад на нашу Радзіму, мы ўмацоўваем польскую армію і ствараем новыя падраздзяленні. Гэты танкавы батальён тут, у Семятыцкім павеце, будзе аснашчаны танкамі К2. Гэта сучасныя танкі, якія былі распрацаваны ў 21 стагоддзі».

Nashaniva.com