У следчым ізалятары Варшавы знайшлі павешаным былога палітвязня з Беларусі

Былога палітвязня Кірылу Кятурку знайшлі мёртвым 20 кастрычніка ў камеры следчага ізалятара ў Варшаве. Папярэдняя версія следства — суіцыд. Але ў самагубства былога палітвязня з Беларусі вераць не ўсе, піша  MOST. На момант смерці Кірылу было 19 год.

13.11.2023 / 14:07

У 2022 годзе Кірыла Кятурку адлічылі з каледжу падчас яго зняволення і асудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі» за каментары і ўдзел у маршы. Праз год хлопцу хацелі змяніць «хатнюю хімію» на калонію, але ён паспеў зʼехаць з Беларусі.

Пасля ўцёкаў Кірыл жыў у Варшаве. У кастрычніку 2023 года ён знік і перастаў адказваць на паведамленні ў тэлеграме. Першым біць трывогу стаў яго прыяцель, які звязаўся з рэдакцыяй MOST.

— Апошні раз Кірыл быў анлайн 10 кастрычніка. Ніхто не ведаў, дзе ён. І толькі праз 11 дзён ягонай сям'і патэлефанавалі з беларускай амбасады ў Варшаве і паведамілі, што Кірылу знайшлі павешаным у польскай турме. Канешне, усе былі ў шоку і не разумелі, як ён апынуўся ў турме і тым больш павешаным.

Па інфармацыі MOST, Кірылу затрымалі ў Варшаве 10 кастрычніка за махлярства ў інтэрнэце. Крыніца рэдакцыі паведаміла, што былы палітвязень звязаўся з групай ашуканцаў, якая, хутчэй за ўсё, займалася крадзяжом грашовых сродкаў з банкаўскіх рахункаў.

— Кірыла затрымала паліцыя 10 кастрычніка, а знайшлі яго павешаным праз дзесяць дзён. Ці палохалі яго, невядома. Можа, пагражалі высылкай у Беларусь, куды яму нельга было вяртацца ні ў якім разе? Ён былы палітвязень, збег з « хатняй хіміі », даваў інтэрв'ю экстрэмісцкім медыя. 

Ніхто са знаёмых і сяброў Кірылы не верыць, што ён мог сам павесіцца. Ён прайшоў беларускую турму, дзе зьдзекуюцца з людзей. Яго не зламалі там, і ён выйшаў. І тут рэзка ў варшаўскай турме ён рашаецца на суіцыд. Цяжка паверыць. Можа яму дапамаглі гэта зрабіць, каб нічога лішняга не сказаў? Мы нічога не ведаем.

 Трэба падключаць беларускіх і польскіх праваабаронцаў, праводзіць расследаванне і дабівацца праўды, — лічыць суразмоўца MOST.

Папярэдняя версія следства — суіцыд. Так напісана і давудцы, якую перадалі разам з целам у Беларусь. 

— У Кірылы няма сваякоў у Польшчы, якія маглі б тут задаць пытанні следству. Эксперты далі выснову, што гэта суіцыд, на целе не было прыкметаў гвалту. Цела змаглі перадаць сваякам пры падтрымцы беларускага пасольства. 

У канцы кастрычніка цела Кірылу перавезлі ў Гродна. Яго пахавалі ў родным горадзе побач з бацькам 2 лістапада.

Nashaniva.com