«Колькасць мядзведзяў галапуе ў нашай краіне». Шуневіч прапанаваў шляхі вырашэння праблемы
Апошнім часам папуляцыі бурага мядзведзя і рысі ў Беларусі павялічыліся, разам з павелічэннем біяразнастайнасці ў краіне ў цэлым.
13.11.2023 / 14:13
Ігар Шуневіч. Фота: БелТА
Старшыня Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР) Ігар Шуневіч на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам прапанаваў шляхі вырашэння праблемы з мядзведзямі, піша БелТА.
Адным з пытанняў падчас сустрэчы стала рэгуляванне колькасці нармаваных відаў паляўнічых жывёл і жывёл, якія ўваходзяць у Чырвоную кнігу Беларусі. «Усім вядомая тэма бурага мядзведзя. Менш вядомая тэма рысі, — адзначыў Ігар Шуневіч. — Мы паведамілі свае прапановы ў гэтай частцы, не прапаноўваючы экстрэмальных рэчаў, загадзя непапулярных — але рашэнні, якія дыктуе само жыццё».
Апошнім часам папуляцыі бурага мядзведзя і рысі ў Беларусі павялічыліся разам з павелічэннем біяразнастайнасці ў краіне ў цэлым. «Разумнае выкарыстанне гэтых відаў прапанавана ажыццяўляць шляхам рэгулявання іх колькасці, не адкрываючы палявання на іх. Гэта значыць, там, дзе залішняя колькасць бурага мядзведзя і ён перашкаджае жыццядзейнасці чалавека, прапанавана адбіраць некаторую колькасць звера для таго, каб ураўнаважыць, зрабіць баланс паміж інтарэсамі чалавека і жывёл», — сказаў кіраўнік БТПР.
На ўдакладняльныя пытанні журналістаў пра спосабы Ігар Шуневіч адказаў: «Колькасць мядзведзя галапуе ў нас у краіне. Яго ўжо больш за 700 (асобін) дакладна, хоць гадоў дваццаць таму было 150.
Наша задача — атрымаць дакладнае разуменне ад нашай навуковай грамадскасці, якая аптымальная колькасць мядзведзя павінна быць на нашай тэрыторыі, якая дазволіла б нам адкрываць на яго паляванне. Паколькі гэтая аптымальная колькасць сёння не выведзена, мы кажам: давайце мы будзем рэгуляваць колькасць там, дзе яго вельмі шмат, залімітава шмат, дзе ён перашкаджае жыць».
Ігар Шуневіч падкрэсліў, што на гэтым этапе гаворка ідзе толькі аб рэгуляванні колькасці: «Гэта не значыць, што мы адкрыем паляванне. Гэта чырванакніжнік».
«Але калі ёсць яго залішняя колькасць, трэба пэўную колькасць адстраляць, асабліва праблемных звяроў, якія заходзяць у населеныя пункты, на пчальнікі, якія ўжо сёння траўмуюць людзей», — перакананы Ігар Шуневіч.
Чытайце таксама:
На Палессі мядзведзь разграміў пасеку і з'еў 30 кілаграм мёду