Стала вядома, чаго хоча ад федэрацыі футбола Георгій Кандрацьеў
12 лістапада стала вядома, што былы галоўны трэнер зборнай Беларусі Георгій Кандрацьеў падаў у суд Цэнтральнага раёна Мінска на Беларускую федэрацыю футбола. Пасля таго, як яму адмовілі там у разглядзе справы, трэнер абскардзіў вердыкт у Мінскім гарадскім судзе. Чаго Кандрацьеў хоча ад федэрацыі, паспрабавала высветліць «Трыбуна».
13.11.2023 / 19:33
Георгій Кандрацьеў — крайні злева. Фота: abff.by
Кандрацьеў лічыць, што федэрацыя не дала яму вывесці зборную на Еўра, а таму хоча амаль 100 тысяч еўра кампенсацыі
На пасадзе галоўнага трэнера зборнай Беларусі Георгій Кандрацьеў пратрымаўся 701 дзень (з 28 ліпеня 2021-га да 29 чэрвеня 2023-га) і паспеў за гэты час правесці 21 матч усіх узроўняў (афіцыйных і таварыскіх). Пры гэтым толькі ў адной з 17 афіцыйных сустрэч «нацыяналка» здолела перамагчы — 19 чэрвеня 2023-га была абыграная зборная Косава 2:1. Па іроніі лёсу, акурат гэты матч і стаў для Кандрацьева апошнім на пасадзе.
Праз 10 дзён пасля яго адбыўся выканкам АБФФ. На ім мусіў прысутнічаць і Кандрацьеў, аднак да залы паседжанняў спецыяліст так і не дайшоў. Як пазней стала вядома, за паўгадзіны да пачатку выканкама Кандрацьева і ягоных памочнікаў да сябе ў кабінет выклікаў старшыня федэрацыі Мікалай Шарснёў і абʼявіў, што АБФФ спыняе з імі працоўныя адносіны. Сам Кандрацьеў потым казаў, што для яго гэта быў шок і што ён увогуле нічога не зразумеў.
Пазней першы намеснік Шарснёва Андрэй Васілевіч казаў, што ў АБФФ «палічылі, што трэба, каб чалавек сышоў годна і, магчыма, пасля творчай паўзы прынёс яшчэ карысць нашаму футболу».
Кандрацьеў, аднак, годнай сваю адстаўку не палічыў і праз некалькі месяцаў пасля яе вырашыў судзіцца з федэрацыяй футбола. Пры гэтым падрабязнасцяў адносна гэтай сітуацыі вельмі мала. Як высветліла «Трыбуна»,
Кандрацьеў некаторы час таму падаў у суд Цэнтральнага раёна Мінска пазоў да былога працадаўцы. Як удалося даведацца, трэнер мае намер адсудзіць у федэрацыі заробак, які належала атрымаць па кантракце да канца тэрміну ягонага дзеяння.
У лістападзе 2022-га на выканкаме АБФФ было зацверджана, што супраца з Кандрацьевым працягнецца, а таму, паводле звестак «Трыбуны», пагадненне, якое заканчвалася ў снежні 2022-га, працягнулі да канца 2023-га.
Цяпер жа спецыяліст лічыць, што яму належыць кампенсацыя за тыя месяцы, якія ён недапрацаваў па кантракце па рашэнні АБФФ. А гэта, між іншым, паўгода.
Што да памеру кампенсацыі, то яна налічвае дзясяткі тысяч долараў.
Як паведамляла раней «Трыбуна», заробак у Кандрацьева ў зборнай быў 15 тысяч долараў да сплаты падаткаў. Адпаведна, цяпер трэнер хоча спагнаць з АБФФ 90 тысяч долараў «бруднымі».
Пры гэтым, паводле звестак «Трыбуны», пасля звальнення Кандрацьеў судом АБФФ не пагражаў. Як пазней расказваў сам спецыяліст, ён 4 ліпеня спачатку зʼехаў у Польшчу, дзе сустрэўся з дачкой, а пасля адправіўся на адпачынак у Балгарыю. Вярнуўся трэнер у Беларусь у верасні, а неўзабаве пасля таго, як выглядае, і запусціў разборкі з АБФФ.
Федэрацыю пра намер ісці ў суд Кандрацьеў, наколькі вядома, не папярэджваў. Больш за тое, ніякіх дакументаў з суда ці ад Кандрацьева з патрабаваннямі ў АБФФ таксама не прыходзіла.
Па звестках «Трыбуны», трэнер дагэтуль не падпісаў дакументы аб згодзе спыніць супрацу з АБФФ. Таксама ён, маўляў, лічыць, што яму не далі выканаць нібыта пастаўленую задачу — заваяваць пуцёўку на чэмпіянат Еўропы-2024. Перамога над Косавам пакідала тэарэтычныя шанцы на такі вынік.
Логіка ў спецыяліста такая: раз не далі выканаць задачу і скасавалі кантракт — калі ласка, плаціце. Пры гэтым афіцыйна такая задача ў кантракце Кандрацьева, па звестках «Трыбуны», прапісаная не была.
У 2017 годзе з федэрацыяй па падобнай справе спрабаваў судзіцца іншы былы трэнер нацыянальнай футбольнай зборнай — Аляксандр Хацкевіч. Але поспеху яму гэта не прынесла. Як кажуць функцыянеры з беларускага футбола, з якімі «Трыбуна» пагутарыла на ўмовах ананімнасці, і ў Кандрацьева шанцаў на тое, што зараз удасца спагнаць з АБФФ якую-небудзь кампенсацыю, практычна няма.
Чытайце таксама:
Міністр спорту стварае альтэрнатыўную федэрацыю футбола, бо не можа ўплываць на АБФФ — Трыбуна
«Мне спадабалася: правільна гулялі» — галоўны трэнер пра матч з Косава