Крэмль назваў кіраўніка штаба Пуціна на выбарах

Кіраваць выбарчым штабам Уладзіміра Пуціна ў выпадку яго вылучэння на новы тэрмін будзе кіраўнік Упраўлення ўнутранай палітыкі Крамля Андрэй Ярын, распавялі крыніцы РБК. Пуцін пакуль не абʼяўляў аб сваім удзеле ў выбарах. 

14.11.2023 / 13:37

Андрэй Ярын. Фота: er.ru

Ярын, як і іншыя чыноўнікі, не будзе публічнай фігурай. Як стане называцца яго пасада афіцыйна, пакуль невядома. Магчыма, кіраўнік апарата штаба, як гэта было ў 2018 годзе. Медыйныя ж функцыі стануць выконваць сустаршыні штаба, кандыдатуры якіх пакуль не вызначаны.

Прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў у адказ на запыт РБК заявіў, што «пакуль ніхто нікуды не прызначаны»: «Загадзя мы ніколі такое не каментуем і не анансуем».

Андрэю Ярыну 53 гады. З 2016 года ўзначальвае Упраўленне ўнутранай палітыкі Крамля. Знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі за дачыненне да атручвання апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага. 

Выбары ў Расіі пройдуць 17 сакавіка 2024 года.

Nashaniva.com