Кіраўнік офіса Зяленскага назваў наступны год вырашальным у вайне

Наступны год будзе вырашальным у вайне Расіі супраць Украіны, заявіў кіраўнік офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак падчас свайго візіту ў ЗША.

14.11.2023 / 13:45

 Андрэй Ярмак. Фота: president.gov.ua

У сваім выступе Андрэй Ярмак пацвердзіў рашучасць Украіны змагацца да перамогі і пацвердзіў, што ўкраінцы занялі левы бераг Дняпра.

«Мы рашуча настроеныя на аднаўленне суверэнітэту Украіны на ўсёй яе міжнародна прызнанай тэрыторыі.

Нягледзячы ні на што, Узброеныя сілы Украіны захапілі плацдарм на левым беразе Дняпра. Крок за крокам яны дэмілітарызуюць Крым.

Мы прайшлі 70% дыстанцыі. І наша контрнаступленне працягваецца», — сказаў ён.

Ён таксама заявіў пра неабходнасць паставак дадатковых сістэм узбраенняў, каб умацаваць супрацьпаветраную абарону Украіны перад надыходам зімы, калі Расія можа зноў пачаць атакаваць грамадзянскую энергетычную інфраструктуру.

Таксама ён заявіў пра жаданне аднавіць працу аэрапорта ва Украіне.

«Скажу вам праўду: і ў нас гэтая зіма будзе цяжкай. Яны зноў будуць рабіць спробы тэрору супраць нашых грамадзян, атакаваць электрасеткі і інфраструктуру. Але залогам выздараўлення стане ўзмацненне супрацьпаветранай абароны. Украіне патрэбен надзейны парасон для рэканструкцыі. Яе ўзмацненне, у прыватнасці, дасць магчымасць запусціць адзін з аэрапортаў Украіны. Мы ўжо працуем над гэтым з нашымі партнёрамі. Гэта знак таго, што наступіў пералом у вайне. І наступны год стане вырашальным у гэтым», — сказаў ён. 

Візіт Ермака ў ЗША праходзіць на фоне спрэчак у Кангрэсе і Сенаце аб новым траншы дапамогі Украіне.

Nashaniva.com