«Чым менш я ведаю, тым круцей сябе адчуваю». Разбіраемся з сіндромам самазванца
Ведаеце адчуванне, калі вы нібыта не на сваім месцы і ўсё, што вы маеце, вамі не заслужана? Гэта сіндром самазванца, і яму можна даць рады. Гутарым з псіхолагам Юліяй Навацкай пра тое, як гэта зрабіць.
17.11.2023 / 18:48
Фота: cottonbro studio / pexels.com
«Ёсць факты, што я паспяховы і чагосьці дамогся, але насамрэч усё нібыта здарылася выпадкова ці з дапамогай іншых людзей»
Перш за ўсё, Юлія тлумачыць, што сіндром самазванца — назва псіхалагічнай з’явы, калі мы не заўсёды можам ацаніць свае дасягненні. Такі феномен можа ісці праз усё жыццё чалавека, і тады ён адчувае сябе няўстойліва ва ўсіх сферах жыцця, або толькі ў адной з іх — напрыклад, у прафесіі ці ў мацярынстве. З аднаго боку, такія людзі вельмі жадаюць атрымаць прызнанне і паверыць у яго, але чым больш яны яго атрымліваюць, тым складаней ім яго прыняць і тым больш напружання яны адчуваюць.
«Сіндром самазванца прымушае лічыць, што мае дасягненні насамрэч не мае, а я іх сабе прысвойваю, і што знешні свет мяне хутка раскрые. Маўляў, з аднаго боку ёсць факты, што я паспяховы і чагосьці дамогся, але насамрэч усё нібыта здарылася выпадкова ці з дапамогай іншых людзей. Іншыя людзі быццам пра гэта хутка даведаюцца, мяне выкрыюць.
Тады чалавеку вельмі страшна і складана памыляцца, рухацца наперад. Яго новыя поспехі не робяць яго больш устойлівым, а толькі яшчэ больш узмацняюць унутранае напружанне. Бо любы такі поспех азначае, што знешні свет яшчэ больш узвысіў чалавека, і калі яго раскрыюць, яму давядзецца падаць яшчэ мацней», — кажа псіхолаг.
Звычайна мы ўпершыню кантактуем са знешнім светам праз бацькоў ці апекуноў, і часам гэта крыніца першых установак самазванца. Але ёсць прыклады, калі бацькі не надта спрыяюць такім устаноўкам, затое яны развіваюцца ў камунікацыі, напрыклад, з аднагодкамі.
«Самазванцамі» шмат у чым нас робяць сучасныя ідэалы. Мы глядзім рэкламу, праглядаем сацсеткі і прыслухоўваемся да галасоў у прафесійных супольнасцях, і паўсюль чуем расхваленне ідэі бліскучага поспеху. У такім кантэксце можа скласціся адчуванне, што вас, такога як ёсць, іншыя могуць не ацаніць. Тады ў галаве можа з’явіцца вобраз таго, якім трэба стаць, жаданне быць больш класным і паспяховым, каб не сутыкацца з адхіленнем.
Юлія тлумачыць, што мы часта змешваем прызнанне і прыняцце: часам падаецца, што нам трэба прызнання заслугаў, але насамрэч мы хочам быць прынятымі і любімымі такімі, якія мы ёсць. Калі ж чалавек адчувае любоў толькі ў выпадку дасягненняў, ён будзе лічыць, што без іх не варты гэтай любові. І яшчэ: феномен самазванца можа дапамагаць чалавеку расці, але калі ў яго няма іншых падстаў цягнуцца ўверх, гэты рост не прынясе яму задавальнення і прыняцця.
«Самазванцамі» часцей робяцца мужчыны ці жанчыны? Юлія кажа, што сіндром закранае абодва полы: «У нас яшчэ шмат у чым патрыярхальны лад жыцця, і для беларускіх мужчын важна быць паспяховымі, мець фінансавую стабільнасць, гэта можа ўзмацняць на іх ціск. З іншага боку, у нас ужо не тыя часы, калі жанчына мусіць толькі сядзець дома з дзецьмі. Жанчына цяпер быццам мусіць і паспяваць за патрабаваннямі часу — і развівацца ў кар’еры, і пры гэтым быць выдатнай жонкай і мамай.
Сіндром самазванца можа ўзмацняцца ў мацярынстве, калі жанчына фізічна не можа ўсё сумяшчаць, але яна мае адчуванне, што быццам мусіць гэта рабіць. Тады такі феномен можа развівацца ў яе і ў сямейнай сферы, і ў прафесійнай. Прычым намаганні ў адной сферы будуць пазбаўляць сіл на тое, каб дамагацца чагосьці ў іншай галіне».
Калі «самазванец» — гэта я
Гэты тэкст пра вас? Тады трэба зразумець, ці жадаеце вы ўвогуле нешта рабіць з сіндромам самазванца. Бо яго праявы, кажа экспертка, знаёмыя практычна ўсім: так бывае, што часам нам складана прымаць свае дасягненні. Калі вы не застаецеся ў такім стане надоўга і ён вам не перашкаджае рабіць, нічога страшнага тут няма.
Іншая рэч, калі выбрацца са стану самазванца не атрымліваецца: «Такі феномен можа перашкодзіць чалавеку дамагацца новых дасягненняў, бо з-за сораму і страху быць «выкрытым» ён спыніць любы рух наперад. Або можна працягваць рух наперад, але пры гэтым пастаянна адчуваць сябе незадаволеным, быццам чалавеку дрэнна, страшна і напружана, і гэта не залежыць ад таго, паспяховы чалавек ці не».
Перш за ўсё, важна атрымліваць рэальную зваротную сувязь, абапірацца на сапраўдныя факты, іншых людзей і кампетэнтныя меркаванні наконт нас і звязаных з намі рэчаў. Чым лепш мы можам гэта прымаць і змяшчаць унутры сябе, тым нам прасцей перайсці з ілюзій у стабільнасць і рэальнае жыццё. Магчыма, мы ў ім не на першай старонцы «Форбса», але і не горшыя ў сваёй галіне.
Варта ўмацоўваць навык прыняцця сябе, бо калі гэтага няма, водгукі ад іншых не дапамогуць. Вы спытаеце ў мужа, ці добрая вы мама, і той скажа, што так, але без навыка прыняцця вы не засвоіце гэтую інфармацыю — хутчэй, западозрыце мужа ў хлусні.
Для пачатку Юлія раіць прызнаць, што вы не маеце такога навыка прыняцця сябе: «Калі мы прызнаем і прымаем гэтую сваю частку, гэта можа аслабіць напружанне, звязанае з феноменам самазванца. Далей, калі я не чакаю ад сябе лёгкага прыняцця дасягненняў, я магу патроху рабіць пэўныя крокі. Напрыклад, калі я адчуваю сябе самазванцам у прафесійнай сферы, я магу патроху атрымліваць прызнанне ад калег, спрабаваць шукаць водгукі ад больш экспертных у сваёй галіне людзей, браць спецыяльныя сесіі ў коўчаў.
То-бок рабіць гэтае намаганне і не толькі знаходзіцца ў кантакце з кімсьці, хто дае мне станоўчую зваротную сувязь, заўважаць свой сорам, але яшчэ і сачыць за тым, як гэтая інфармацыя кладзецца мне ўсярэдзіну: мне робіцца прыемна, цёпла ўнутры, ці нешта яшчэ адбываецца акрамя сораму. Па кропельцы, праз гэтую практыку прыняцця станоўчай зваротнай сувязі можна нарошчваць інфармацыю пра тое, які я».
«Пастаяннае самаабясцэньванне — добры фундамент для таго, каб эмацыйна выгарэць»
Псіхолаг рэкамендуе для «самазванцаў» адмысловую практыку. Вазьміце ліст паперы і выпішыце на яго ўсе свае жыццёвыя дасягненні, рэальныя факты, пачынаючы, напрыклад, з падлеткавага ўзросту: здаў экзамены на дзевяць, вывучыў гісторыю, тры гады хадзіў на каратэ — усё, што лічыце патрэбным. Потым вазьміце іншы ліст і напішыце на ім па пунктах, чаму вы, на вашу думку, з’яўляецеся самазванцам і недастойныя таго жыцця, якое цяпер маеце. У выніку вы атрымаеце два спісы, дык паспрабуйце іх параўнаць. Такую практыку можна рабіць рэгулярна.
«Так мы працуем з нашым кагнітыўным скажэннем — маўляў, я самазванец, нічога сам не дамогся і ўсе мае поспехі выпадковыя. Магчыма, падчас параўнання двух спісаў вы заўважыце, што паміж вашымі поспехамі і цяперашнім станам ёсць карэляцыя, і зразумееце, як вы развіваліся, што вы кладзеце ў сваю скарбонку досведу.
Такія кагнітыўныя практыкі не могуць хутка паўплываць на самаацэнку, але ў той жа час вельмі бадзёраць і прапануюць новы пункт гледжання. Гаворка не толькі пра тое, што я мушу раз на тыдзень зрабіць такую практыку, але і пра намаганне, якое я раблю ўнутры сябе, каб памятаць пра свае дасягненні, пра тое, што я адчуваю ў такія моманты. І калі ў наступны раз мяне панясе ў бок самазванца, я вярнуся ў тыя перажыванні, якія я адчуў падчас практыкі», — тлумачыць псіхолаг.
Юлія расказвае пра цыкл думак, характэрных для сіндрому самазванца. Спачатку гэта перажыванні, што з вамі нешта не так і вы мусіце імкнуцца да пэўнага паспяховага ці прывабнага вобразу. Такія думкі могуць выклікаць страх, што ў вас нешта не атрымаецца: маўляў, я бачу задачу, але не адчуваю ў сябе моцы і ўстойлівасці, каб яе выканаць, і калі я не дам рады, здарыцца нешта дрэннае. Калі ж адмаўляць свае кампетэнцыі ці досвед, гэта можа яшчэ больш пагаршаць сітуацыю.
Часта бывае так: нехта вас хваліць, дае станоўчую зваротную сувязь, а вы шукаеце ўнутры сябе прычыны, чаму гэтым словам не варта верыць. Класічны прыклад — калі да жанчыны прыходзяць у госці і хваляць яе пірог, а яна адказвае, што ён прыгарэў і ўвогуле не атрымаўся, то-бок услых аспрэчвае сваё дасягненне.
Суразмоўца падсумоўвае: «У выніку мы адчуваем віну ці сорам за свой поспех, бо ён падаецца нам выпадковым і мы думаем, што недастойныя яго. Такі цыкл думак у нейкі момант можа стаць прычынай эмацыйнага ці нават фізічнага выгарання. Пастаяннае самаабясцэньванне — добры фундамент для таго, каб эмацыйна выгарэць і перастаць імкнуцца да нейкіх дасягненняў, маўляў, яны ўсе не маюць сэнсу».
«Адчуванне самазванца вельмі рэдка ўзнікае ў чалавека, які насамрэч нічога не дабіўся»
А што, калі атачэнне ўзмацняе ў нас феномен самазванца? Ідэальна, калі атрымліваецца фільтраваць такое атачэнне, у такім выпадку трэба адстойваць свае межы і дазваляць іншым цябе ацэньваць толькі калі гэтага жадаеш ты, а не яны. Паралельна з гэтым можна нарошчваць новае атачэнне, і тут можа быць карыснай псіхатэрапія – і асабістая, і групавая.
Калі хочацца быць больш устойлівым да феномена самазванца, то і ваша атачэнне мусіць гэтаму спрыяць. Гэта не значыць, што трэба атачаць сябе тымі, хто кажа, што вы — найлепшы, так можна трапіць у іншую крайнасць. Ды і калі прыйсці ў прастору, дзе табе будуць казаць толькі, як у цябе вераць і што ты станеш самым паспяховым, гэта можа ўзмацніць рысы самазванца, бо ў галаве зноў-такі ўзнікне вобраз, якому трэба будзе адпавядаць.
Таму прастора з сапраўднай падтрымкай — гэта месца, дзе вы атрымліваеце рэальныя водгукі ў атмасферы прыняцця без умовы вашага глабальнага поспеху, а таксама дзе вы можаце атрымаць разумную крытыку.
Юлія прапануе некалькі пытанняў для людзей, якія хацелі б даць рады свайму сіндрому самазванца. Для пачатку можна даследаваць, як у вас магла сфармавацца такая самаацэнка, багатая на сумненні. Магчыма, вы памятаеце жыццёвыя падзеі, якія гэтаму спрыялі?
Таксама можна прааналізаваць, як у вас праяўляецца феномен самазванца, калі ён адчуваецца больш і як уплывае на ваш стан, павялічвае ці памяншае ваша задавальненне сваімі дасягненнямі і ідэямі. А потым пашукайце адказы на два пытанні (і знайдзіце час зрабіць гэта пісьмова):
- Што здарыцца, калі я нічога не буду рабіць і гэты сіндром застанецца са мной?
- Што здарыцца, калі я навучуся даваць рады самазванцу ўнутры мяне?
Магчыма, нават такі маленькі самааналіз дапаможа пачаць адыход ад стратэгіі самазванца, лічыць Юлія, або як мінімум пазнаёміць вас бліжэй з гэтай часткай вашай асобы.
Нарэшце, добрыя навіны — калі вы лічыце сябе самазванцам, вы, хутчэй за ўсё, дакладна ім не з'яўляецеся. Юлія тлумачыць: «Адчуванне самазванца вельмі рэдка ўзнікае ў чалавека, які насамрэч нічога не дабіўся. Людзі, якія насамрэч не маюць досведу ці ведаў, хутчэй аказваюцца ў іншай крайнасці — маўляў, чым менш я ведаю, тым круцей сябе адчуваю. Калі ж зона майго асэнсавання пашыраецца, я пачынаю бачыць больш і заўважаць інфармацыю, якую мне яшчэ трэба вывучыць, і гэта можа ўзмацняць феномен самазванца».
«Добра працуе той, хто добра адпачывае». Псіхолаг — пра сакрэты прадуктыўнасці
Блогер Блішч: «Найвялікшая дурасць, якую прыдумалі міленіялы, — выгаранне». Яму адказалі