Чым адметная «Бабушкина крынка», кіраўніка якой затрымалі за карупцыю
За 6 гадоў змянілася трое кіраўнікоў. Адзін пайшоў у дэпутаты, другога звольнілі па згодзе бакоў, трэці арыштаваны за арганізацыю «злачыннай схемы збыту прадукцыі».
14.11.2023 / 21:12
«Бабушкина крынка», галоўны адміністрацыйны будынак. Фота: mogilevnews.by
Самы буйны гулец малочнага рынку рэгіёну
«Бабушкина крынка» паўстала з савецкага малочнага камбіната, узведзенага ў 1979 годзе. У 1995-м Магілёўскі малочны камбінат стаў адкрытым акцыянерным таварыствам. З 2006-га яно вядомае пад цяперашняй назвай.
«Бабушкина крынка» — самы буйны гулец на малочным рынку Магілёўшчыны.
У 2012 годзе яна атрымала статус холдынгавай кампаніі. У 16 з 21 раёнаў рэгіёну працуюць яе філіялы. У мінулым гэта савецкія малаказаводы, якія за апошнія дзясятак гадоў мадэрнізавалі.
Агульная колькасць работнікаў холдынгу сягае 4 тысяч чалавек. У глыбінцы філіялы «Бабушкиной крынки» часам ці не адзіныя дзейныя прадпрыемствы з някепскім заробкам. Паводле слоў работнікаў, яны зарабляюць каля тысячы рублёў.
Кампанія цяпер шукае больш за 50 работнікаў, пераважна для сваіх філіялаў у райцэнтрах. Ім патрабуюцца інжынеры, кіроўцы, трактарысты, слесары і спецыялісты-малочнікі.
Адметна, што сыравінавая база кампаніі не ахоплівае Шклоўскага раёна, дзе ёсць сваё малакаперапрацоўчае прадпрыемства.
Генадзь Скітаў паказвае першаму намесніку кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Максіму Рыжанкову вытворчасць «Бабушкиной крынки» ў Слаўгарадзе. Фота: sb.by
«Бабушкина крынка», паводле нацыянальнага агенцтва Беларусі, займае 9 месца ў топ-100 адкрытых акцыянерных таварыстваў краіны.
У 2020 годзе аб’ём выручкі ў 613 мільёнаў рублёў дазволіў кампаніі заняць трэці радок у топ-15 малочных прадпрыемстваў па аб’ёме выручкі. Але па чыстым прыбытку «Бабушкина крынка» мела 14 месца. Даходнасць кампаніі была 3,6 мільёна рублёў. Лідар на той момант, «Савушкаў прадукт», меў 51,3 мільёна.
Значная частка прадукцыі «Бабушкиной крынки» выпускаецца з беларускамоўнымі назвамі.
Багата прадукцыі прадаецца за мяжой. Асноўны рынак збыту — Расія. Але да поўнамаштабнай вайны малочка кампаніі прадавалася і ва Украіне, даходзіла да Германіі.
Шматгадовага кіраўніка вінавацілі ў рукапрыкладстве
Лічыцца, што цяперашнюю назву кампаніі прыдумаў былы яе кіраўнік Ігар Кананчук. Ён узначальваў прадпрыемства 13 гадоў. За час яго кіраўніцтва «Бабушкина крынка» актыўна мадэрнізавалася. Па словах самога Кананчука, у 2015 годзе лічба укладзеных у абнаўленне сродкаў сягала 700 мільярдаў рублёў.
Кананчука ў Магілёве лічылі паспяховым менеджарам.
На прадпрыемстве сцвярджалі, што ён «адваджваў работнікаў ад крадзяжоў рукапрыкладствам».
Дзве жанчыны звярталіся са скаргай на Кананчука ў суд. Яму інкрымінавалі «хуліганства», але справу закрылі, бо абвінавачанаму ўдалося памірыцца з работніцамі. Паводле праваабаронцаў, у якасці кампенсацыі Кананчук пацярпелым купіў па камп'ютары. Таксама жанчыны былі адноўлены на працы.
Ігар Кананчук. Фота: bobruisk.ru
У 2017-м Кананчук звольніўся. Гэта тлумачылася тым, што ён стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Абраўся туды Кананчук па Бабруйскай сельскай акрузе.
Лёс іншых дырэктараў
Замест Кананчука ў 2017 годзе паставілі кіраваць кампаніяй Дзмітрыя Главінскага, на той момант намесніка генеральнага дырэктара акцыянернага таварыства «Белрыба». Праз 2,5 года рашэннем назіральнай рады холдынгу ён быў «вызвалены з займанай пасады па згодзе бакоў».
Дзмітрый Главінскі. Фота: khotimsk.gov.by
Неафіцыйна гаварылася, што Главінскі не спраўляўся са сваімі абавязкамі і не «апраўдаў даверу акцыянераў». Большасць акцый належыць дзяржаве.
У 2020 годзе Главінскі стаў кіраўніком Мінскага малочнага завода №1, на гэтай пасадзе там працаваў адзін год.
«Бабушкиной крынкой» жа паставілі кіраваць цяпер ужо затрыманага Генадзя Скітава. Яго кар’ера не была звязана з малочнай вытворчасцю.
Генадзь Скітаў. Фота: babushkina.by
Цікава, што Скітаў, як і папярэдні кіраўнік «Бабушкиной крынки» Главінскі, калісьці кіраваў «Белрыбай».
Карупцыйныя справы на супрацоўнікаў «Бабушкиной крынки» былі і раней. Іх затрымлівалі за хабарніцтва і перавышэнне службовых паўнамоцтваў.
У 2015 годзе інжынера бабруйскага філіяла абвінавацілі ў арганізацыі злачыннай схемы, якую ён выкарыстоўваў на працягу двух гадоў і гэтак незаконна прысабечыў 180 мільёнаў рублёў. Схапілі яго, калі ён браў хабар у 3 мільёны рублёў. Заяўлялася тады, што супраць службоўцы было распачата 20 крымінальных спраў.
У 2017 годзе супрацоўніка кампаніі затрымалі за закуп для прадпрыемства па завышаным кошце абсталявання ў цэх дзіцячага харчавання. Кампаніі ён нанёс шкоды на суму 700 тысяч рублёў.
У 2021 годзе былому галоўнаму інжынеру «Бабушкиной крынки» прысудзілі 11 гадоў і 6 месяцаў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму за закуп абсталявання па завышаных цэнах. Страты былі ацэненыя ў 417 мільёнаў рублёў. Яго хаўрусніку далі 8 гадоў. Жонцы галоўнага інжынера прысудзілі 7 гадоў.
Арыштаваны Генадзь Скітаў, як сцвярджае КДБ, арганізаваў «сумнеўныя схемы рэалізацыі прадукцыі ААТ «Бабушкина крынка». Ён сфармаваў каманду менеджараў з ліку сваякоў і былых падначаленых, увёў новую збытавую палітыку і «замкнуў фінансавыя патокі на сябе».
Паводле старшыні КДБ Івана Церцеля, па малочнай справе затрымана 26 чалавек, з іх на дадзены момант арыштаваныя пятнаццаць.
Лукашэнка заявіў, што «шляхам подкупу асобныя камерсанты атрымлівалі права першачарговага размеркавання малочнай прадукцыі (масла, сыроў, іншай малочнай прадукцыі) на сваю карысць з магчымасцю закупкі па цане ніжэйшай за ўстаноўлены індыкатыў».
Глядзіце таксама:
Затрыманыя кіраўнікі адразу некалькіх малаказаводаў
Апублікавалі рэйтынг акцыянерных таварыстваў, па-за канкурэнцыяй банкі
На «Бабулінай крынцы» зварылі на падарунак 115-кілаграмовы сыр