Ізраіль увайшоў у бальніцу «Аш-Шыфа», дзе можа знаходзіцца камандны пункт баевікоў ХАМАС

Дакладных звестак, колькі людзей знаходзіцца на тэрыторыі найбуйнейшага ў сектары Газа бальнічнага комплексу, няма.

15.11.2023 / 07:31

Фота: Maxar

Інфармацыя пра тое, што адбываецца ў бальніцы «Аш-Шыфа», дзе ізраільская армія гэтай ноччу праводзіць аперацыю супраць ХАМАС, пакуль вельмі бедная і адрывачная. Адзін з дактароў бальніцы сказаў, што на тэрыторыі бальнічнага комплексу знаходзяцца ізраільскія танкі і бульдозеры, піша Бі-бі-сі.

Мясцовыя супрацоўнікі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў аўторак казалі, што ў бальніцы знаходзяцца каля 700 пацыентаў, 400 чалавек персаналу і тры тысячы мясцовых жыхароў, якія хаваюцца ад баявых дзеянняў — усяго 4100 чалавек.

Днём раней падкантрольнае ХАМАС Міністэрства аховы здароўя сектара Газа абвясціла, што ў «Аш-Шыфе» знаходзяцца не менш за 2300 чалавек: 600-650 пацыентаў, 200-250 супрацоўнікаў і каля паўтары тысячы мясцовых жыхароў, уцекачоў ад баёў.

Ізраільская армія ў ноч на сераду абвясціла, што перад пачаткам аперацыі ў «Аш-Шыфе» адкрыла калідор для выхаду цывільных асоб.

Карэспандэнт тэлеканала Al Jazeera паведаміў, што ў галоўным двары бальніцы «Аш-Шыфа» стаяць ізраільскія танкі, а салдаты ізраільскай арміі зайшлі ў адзін з карпусоў бальніцы.

Паведамленняў аб якіх-небудзь сутычках і стральбе ўнутры бальніцы пакуль няма.

Прэс-сакратар Мініздароўя Газы сказаў, што ізраільскія салдаты абшукваюць падвалы. Ізраіль і ЗША сцвярджаюць, што пад бальніцай «Аш-Шыфа», найбуйнейшай у сектары Газа, размешчаны падземны камандны пункт ХАМАС.

Разам з тым ізраільскія салдаты пакуль не ўвайшлі ў галоўны будынак бальніцы.

Комплекс «Аш-Шыфы» складаецца з шасці карпусоў. 

У сацсетках распаўсюджваецца неверыфікаванае відэа, як сцвярджаецца, з калідораў «Аш-Шыфы», у якіх крычаць мноства людзей — сярод іх вельмі шмат маладых бяззбройных мужчын.

Чытайце таксама:

ЦАХАЛ: ізраільскія войскі захапілі некалькі адміністрацыйных будынкаў ХАМАС у горадзе Газа

ЦАХАЛ заявіў, што ХАМАС адступіў з поўначы Газы і можа вызваліць закладнікаў

Пасля заканчэння баявых дзеянняў Ізраіль будзе несці адказнасць за бяспеку ў сектары Газа — Нетаньяху

Nashaniva.com