Расіянін зняў кватэру ў Магілёве і скраў адтуль па запчастках пральную машыну

31-гадовы жыхар горада Губаха (Пермскі край РФ) у жніўні 2023 года прыехаў у Магілёў, зняў кватэру на кароткі тэрмін, а затым разабраў пральную машыну на запчасткі і прадаў іх.

15.11.2023 / 14:33

Мужчыну знайшлі па запыце праваахоўных органаў Беларусі, піша reform.by са спасылкаю на афіцыйны сайт Губахінскай муніцыпальнай акругі.

Як высветлілася, губахінец разабраў пральную машыну на запчасткі, дэталі ён прадаваў па абʼявах у інтэрнэце, а потым праз некалькі дзён вярнуўся на радзіму. Расеец растлумачыў свой учынак «цяжкім матэрыяльным становішчам».

Шкоду ад турыста гаспадыня кватэры ацаніла ў 410 беларускіх рублёў.

Праваахоўнымі органамі Беларусі крымінальная справа была перададзена ў Расію для расследавання па месцы жыхарства абвінавачанага. Фігурант поўнасцю прызнаў віну і кампенсаваў нанесеную матэрыяльную шкоду. Цяпер крымінальная справа накіравана ў суд.

Nashaniva.com