ЦАХАЛ аднавіў ператрусы ў шпіталі «Аш-Шыфа»

Ізраільскія салдаты раніцай у чацвер працягнулі ператрусы ў будынках бальніцы «Аш-Шыфа» ў Газе. У той жа час, як сцвярджае падкантрольнае ХАМАС Міністэрства аховы здароўя Газы, ізраільскія браняваныя бульдозеры «разбурылі частку паўднёвага ўваходу» ў бальніцу, піша Бі-бі-сі.

16.11.2023 / 13:31

Ізраільскі сцяг лунае на даху разбуранага будынка ў сектары Газа, выгляд з поўдня Ізраіля, серада, 15 лістапада 2023 года. Фота: Leo Correa / AP

Напярэдадні вечарам Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) заявіла, што працягвае «мэтанакіраваную аперацыю супраць ХАМАС» у «Аш-Шыфе». У заяве таксама гаварылася, што салдаты ЦАХАЛ уступілі ў бой з тэрарыстамі на тэрыторыі комплексу і знішчылі некалькіх з іх.

Групоўка ХАМАС адмаўляе, што на тэрыторыі бальнічнага комплексу дзейнічаюць баевікі. Напярэдадні ЦАХАЛ прадэманстраваў відэазапісы і фатаграфіі, якія сведчаць аб тым, што ў лячэбных памяшканнях бальніцы, уключаючы корпус магнітна-рэзананснай тэрапіі, захоўваліся запасы зброі, выбухоўкі і іншага ваеннага абсталявання баевікоў.

Ізраільскія войскі ўвайшлі ў «Аш-Шыфу» ў сераду і заявілі, што праводзяць аперацыю ў «пэўным раёне» бальніцы.

Пазней ЦАХАЛ заявіў, што выявіў у бальніцы «аператыўны цэнтр» ХАМАС, аднак доказаў гэтага пакуль што не паказана.

Чытайце таксама:

Ізраіль увайшоў у бальніцу «Аш-Шыфа», дзе можа знаходзіцца камандны пункт баевікоў ХАМАС

ЦАХАЛ: ізраільскія войскі захапілі некалькі адміністрацыйных будынкаў ХАМАС у горадзе Газа

ЦАХАЛ заявіў, што ХАМАС адступіў з поўначы Газы і можа вызваліць закладнікаў

Nashaniva.com