Выйшаў на волю палітзняволены Дзмітрый Канеўскі

Дзмітрый Канеўскі цалкам адбыў тэрмін і вызваліўся ў першай палове кастрычніка, піша «Гомельская вясна».

17.11.2023 / 17:31

17 чэрвеня 2021 года суддзя Гомельскага абласнога суда Руслан Царук прысудзіў Дзмітрыю Канеўскаму 3 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму па арт. 130 (наўмысныя дзеянні, скіраваныя на распальванне расавай, рэлігійнай, сацыяльнай і іншай варожасці) Крымінальнага кодэкса РБ.

Усё абвінавачванне грунтавалася на адным каментары ў тэлеграм-чаце «Гомель Савецкі 97», у якім Дзмітрый нібыта напісаў, што яго калегу забілі амапаўцы, і заклікаў да гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў.

Пакаранне Дзмітрый адбываў у папраўчай калоніі № 22 горада Івацэвічы.

Дзмітрый Канеўскі — сын вядомай грамадскай актывісткі з Гомеля Таццяны Канеўскай, якая ўжо 3 гады знаходзіцца за кратамі праз палітычны пераслед.

Яна некалькі гадоў змагалася за змены ў антынаркатычным заканадаўстве ў якасці прадстаўніцы ініцыятывы «Матчын рух 328». Таццяна з'яўлялася ініцыятаркай галадоўкі маці асуджаных за наркотыкі. У парламенцкіх выбарах-2019 яна брала ўдзел у якасці кандыдаткі ў дэпутаты.

Таццяна была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай. Яе затрымалі за тры дні да прэзідэнцкіх выбараў, 6 жніўня 2020 года, і выставілі абвінавачванні па двух артыкулах:

У маі 2021 года яе асудзілі на шэсць гадоў турмы ва ўмовах строгага рэжыму.

Таксама ўжо тыдзень у ІЧУ Гомеля адбывае адміністрацыйны арышт старэйшы брат Дзмітрыя і сын Таццяны Аляксандр, якога адправілі за краты на 15 сутак па ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ.

Чытайце таксама:

Хлопцу з Гродна ў 2020-м было 15 гадоў. Цяпер яму пагражае да 15 гадоў калоніі

У Оршы за «няправільныя» падпіскі арыштавалі прыёмшчыка цягнікоў

Палітзняволеную Вікторыю Кульшу змясцілі ў ПКТ

Nashaniva.com