Ксяндза Генрыха Акалатовіча затрымалі па крымінальнай справе

Пра затрыманне пробашча касцёла св. Юзафа ў Валожыне Генрыха Акалатовіча стала вядома ўчора.

18.11.2023 / 21:41

Крыніцы «Хрысціянскай візіі» сцвярджаюць, што затрыманне адбывалася ў межах крымінальнай справы па ч.1 арт. 356 КК РБ «Здрада дзяржаве». Санкцыя па дадзеным артыкуле прадугледжвае ад сямі да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі.

Занепакоенасць выклікае стан здароўя ксяндза Генрыха Акалатовіча — святару пад 70 гадоў, ён перанёс інфаркт і нядаўна яму была зроблена аперацыя на страўніку ў сувязі з анкалагічным захворваннем, ён мае патрэбу ў медыцынскім назіранні і пастаянным прыёме лекаў.

У 2013 годзе па гэтым жа артыкуле, «Здрада дзяржаве» абвінавачваўся іншы каталіцкі святар, ксёндз Уладзіслаў Лазар. Ён быў затрыманы ўлетку 2013 года і паўгода правёў у СІЗА КДБ. Пасля святара выпусцілі і справа не мела далейшага працягу. Пасля вызвалення з СІЗА служыць у Вілейцы.

Nashaniva.com