У Польшчы беларуска згубіла кашалёк. Яго прысабечыў украінец

41-гадовы мужчына скарыстаўся тым, што ён выпаў у жанчыны, калі яна выходзіла з машыны. Грошы ён адразу патраціў, паведамляе паліцыя Белай Падляскі.

20.11.2023 / 09:19

У мінулым месяцы 57-гадовая грамадзянка Беларусі стала ахвярай злачынства і звярнулася ў паліцыю. Па словах пацярпелай, невядомы прысвоіў яе кашалёк. Жанчына дадала, што, хутчэй за ўсё, ён выпаў у яе, калі яна выходзіла з машыны пад адным з рынкаў. У кашальку знаходзілася больш за тысячу злотых (каля 220 еўра).

Справай займаліся паліцыянты, якія змагаюцца са злачыннасцю супраць маёмасці. Супрацоўнікі паліцыі ўстанавілі асобу мужчыны, а таксама месца яго знаходжання на тэрыторыі раёна. Аказалася, што гэта 41-гадовы грамадзянін Украіны.

Мужчыну затрымалі. Падчас размовы з афіцэрамі ён прызнаўся, што заўважыў кашалёк, які ляжаў на стаянцы. Ён падняў і схаваў яго ў кішэню, затым пайшоў у маркет, дзе патраціў грошы. Кашалёк выкінуў па дарозе. Мужчына дадаў, што шкадуе праз здарэнне. Яго чакае суд.

Nashaniva.com