У Рэчыцкім раёне міліцыянты застрэлілі нецвярозага мужчыну са зброяй
Здарэнне адбылося ўчора ў вёсцы Ліскі. Адзін вясковец звярнуўся ў міліцыю: двое знаёмых стралялі са стрэльбы ў бок яго дома, паведамляе прэс-служба МУС
20.11.2023 / 12:12
Мужчына, які звярнуўся ў міліцыю, напярэдадні выпіваў у кампаніі прыяцеляў, затым пайшоў дадому.
Пасля двое сабутэльнікаў 36 і 39 гадоў прыйшлі да яго дома з абвінавачваннямі ў крадзяжы алкаголю. Пачалася сварка, адзін з мужчын пагражаў расправай і зрабіў стрэл з паляўнічай стрэльбы ў плот. Першы мужчына адразу ж патэлефанаваў у міліцыю.
Міліцыянеры накіраваліся па адрасах нападнікаў. Малодшага з фігурантаў затрымалі дома. Другога з паляўнічай стрэльбай знайшлі на адной з вуліц вёскі. «На неаднаразовыя патрабаванні пакласці зброю на зямлю вясковец не рэагаваў і рухаўся са стрэльбай, накіраванай у бок міліцыянтаў і цывільных», — піша прэс-служба МУС.
Міліцыянты зрабілі папераджальныя стрэлы ў паветра, затым адзін на паражэнне. Па дарозе ў бальніцу мужчына памёр.
Паводле МУС, з месца здарэння канфіскавана паляўнічая стрэльба і больш за дзясятак патронаў да яе. Мужчыну раней судзілі за разбой і рабаванне.