Лукашэнка распавёў, як накарміў Зімбабвэ, і даручыў разабрацца з Сербіяй
Аляксандр Лукашэнка сёння прызначыў новых паслоў. Прэсавая служба распавяла некаторыя падрабязнасці яго наказаў новым прызначэнцам.
20.11.2023 / 14:22
Будучыя паслы чакаюць прыёму ў Лукашэнкі. Фота: БЕЛТА
Лукашэнка асобна запрасіў для размовы будучых паслоў у Кітаі і Зімбабвэ — Аляксандра Чарвякова, які раней займаў пасаду міністра эканомікі, і былога кіраўніка ДФР Ігара Маршалава.
Звяртаючыся да іх, Лукашэнка падкрэсліў, што Зімбабвэ і Кітай — «дзве краіны надзвычай важныя».
У Зімбабвэ, паводле Лукашэнкі, пасол будзе пачынаць працу ўсё ж не з чыстага аркуша (ён узгадаў свой візіт у гэту краіну), але там «яшчэ неаранае поле».
«Хаця хлеба ўжо дзякуючы нам [у Зімбабвэ] атрымалі дастаткова, каб людзей накарміць», — сказаў ён.
«Сабраць хлеб не маглі. А зараз яны ўбіраюць два-тры ўраджаі. Яны забяспечылі сябе галоўным прадуктам», — сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што, «натуральна, гэта не дабрачыннасць».
Што датычыцца супрацоўніцтва з Сербіяй, то, гаворыць Лукашэнка, сітуацыю трэба сурʼёзна вывучыць.
«Трэба разабрацца ў той палітыцы, якую Сербія праводзіць і жадае праводзіць адносна Беларусі, — паставіў ён задачу. — Калі яны хочуць [супрацоўнічаць з Беларуссю], значыць, мае быць вынік у гандлёва-эканамічных адносінах.
Калі яны хочуць віляць хвастом, груба кажучы, і падтрымліваць еўрапейска-амерыканскія санкцыі супраць Беларусі, гэта іх справа, няхай вызначаюцца і падтрымліваюць, калі яны забыліся пра тое дабро, з якім мы ішлі да іх».
Лукашэнка арыентаваў дыпламатаў на тое, каб узмацняць узаемадзеянне на тых напрамках, дзе лаяльна ставяцца да беларускага рэжыму.
«Калі Захад і Амерыка не хочуць з намі супрацоўнічаць, добра — будзем «сцерагчы» свае пасольствы там, дзе гэта трэба. А асноўных дыпламатаў мы павінны перакінуць на тыя напрамкі, дзе мы бачым рух. У нас па многіх краінах ёсць рух, мы супрацоўнічаем з многімі краінамі. Трэба іх узмацняць».
Трэба, паводле Лукашэнкі, вызначыцца і з Сербіяй.
«Проста вам трэба палітычна там разабрацца, чаго яны хочуць. Адна справа — заяўляць, а рабіць зусім іншае. Такая палітыка нікому не патрэбна.
Таму трэба тут разабрацца», — даручыў ён прызначанаму паслу Сяргею Маліноўскаму.