У Польшчы раскрылі міжнародную групоўку, якая праз беларускую мяжу магла пераправіць у Еўропу 2600 чалавек

Польскія памежнікі выкрылі міжнародную арганізаваную злачынную групоўку, якая займалася нелегальнай перапраўкай мігрантаў праз польска-беларускую мяжу ў краіны Заходняй Еўропы. Зараз пад следствам знаходзяцца 32 падазраваныя з шасці краін, але беларусаў сярод іх няма.

20.11.2023 / 15:51

Польскія памежнікі выкрылі міжнародную арганізаваную злачынную групоўку, якая займалася нелегальнай перапраўкай мігрантаў праз польска-беларускую мяжу ў краіны Заходняй Еўропы. Фота: strazgraniczna.pl

Паводле польскіх памежнікаў, злачынная група магла нелегальна пераправіць праз беларускую мяжу 2600 чалавек. Мігрантамі часцей за ўсё былі грамадзяне Ірака, Сірыі і Палесціны, якія спачатку накіроўваліся ў Беларусь, а пасля нелегальнага перасячэння мяжы з Польшчай іх везлі ў глыб краіны аж да мяжы з Германіяй.

Паводле следства, у арганізаваную міжнародную злачынную групу ўваходзяць як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Украіны, Ірака і Беларусі.

Але пад следствам, па якім праходзіць 32 падазраваныя, беларусаў няма. Паводле справаздачы памежнікаў, гэта грамадзяне Польшчы, Украіны, Сірыі, Ірака, Турцыі і Грузіі.

Польскія памежнікі выкрылі міжнародную арганізаваную злачынную групоўку, якая займалася нелегальнай перапраўкай мігрантаў праз польска-беларускую мяжу ў краіны Заходняй Еўропы. Фота: strazgraniczna.pl

Разбіральніцтва, у якім удзельнічалі службы з Польшчы, Літвы і Германіі, праводзіцца ў супрацоўніцтве з Еўраюстам і Еўраполам.

Злачынствы, якія інкрымінуюцца падазраваным, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін да 8 гадоў.

Nashaniva.com