АМАП страляў у 19-гадовага жыхара Крупскага раёна

19-гадовы жыхар Крупскага раёна аказаў супрацоўнікам АМАП супраціў пры затрыманні — выйшаў да іх з нажом у руках. У хлопца стрэлілі, зараз ён у шпіталі, так здарэнне апісвае прэс-служба МУС.

21.11.2023 / 11:21

Як піша МУС, у міліцыю паступіла аператыўная інфармацыя: у адным з дамоў вёскі Вялікі Лес Крупскага раёна знаходзіцца «група ўзброеных людзей». 

У 8:10 супрацоўнікі ГУБАЗіК і АМАП УУС Мінаблвыканкама прыбылі па адрасе.

У доме знаходзіўся 62-гадовы гаспадар з двума сынамі. Мужчыну і старэйшага, 36-гадовага, сына затрымалі. А малодшы, 19-гадовы, паводле МУС, выйшаў на супрацоўнікаў з двума нажамі з пагрозамі. На патрабаванні пакласці зброю на падлогу, сцвярджае МУС, ён не рэагаваў. 

На відэа бачна, як амапаўцы выбіваюць браму дома. Дзверы хаты адчыняе гаспадар з паднятымі рукамі. Усё, што адбывалася далей, не бачна. Толькі чуваць галасы сілавікоў: «Кінь нож», – і раздаецца стрэл.

Мужчына шпіталізаваны.

Учора ў Рэчыцкім раёне міліцыянты застрэлілі мужчыну, які таксама нібыта быў са зброяй. 

Nashaniva.com