Эстонія набрала ўсяго адзін бал у адборы, але згуляе ў плэй-оф да Еўра-2024. Парадокс, але гэта факт
Новая сістэма кваліфікацыі да чэмпіянату Еўропы па футболе 2024 года пакідае і такія варыянты.
21.11.2023 / 15:21
Дэталь адбору на Еўра-2024, якая не ўкладваецца ў галаве: Эстонія набрала ў групе F толькі адзін бал, але ўсё яшчэ можа трапіць у фінальную стадыю турніру, піша sports.ru.
Фота: soccerstand.com
Эстонцы апошнія ў групе. Усяго два галы за ўвесь адбор.
Эстонія стала пятай з пяці ў групе з Бельгіяй, Аўстрыяй, Швецыяй і Азербайджанам. Адзінае ачко набралі ў гасцявым матчы з азербайджанцамі — згулялі 1:1. Прычым гэта было ў другім туры і адразу пасля добрага матча з аўстрыйцамі, калі забілі першымі, больш за 40 хвілін на выездзе вялі і прапусцілі вырашальны мяч на 88-й хвіліне.
Але далей — правал. Атрымалі 0:3 і 0:5 ад Бельгіі, яшчэ 0:5 у Таліне ад Швецыі і скаціліся.
За ўвесь адбор так і засталося толькі два мячы — у першых двух матчах. Абодва ў форварда Раўна Сапінена, які з пачатку верасня без клуба, а раней выступаў за польскую «Сталь», за якую цяпер гуляе беларус Ілля Шкурын.
Прапусцілі эстонцы ў 11 разоў больш — 22 галы.
Чацвёра эстонцаў спрабуюць забраць мяч у Дэяна Кулушэўскага. Гэты матч, што прайшоў 19 лістапада ў Стакгольме, Эстонія прайграла Швецыі з лікам 0:2. Фота: Michael Campanella / Getty Images
У папярэднім адборы на Еўра беларусы гулялі разам з Эстоніяй і апярэдзілі іх. Тады ў Таліне наша каманда выйграла 2:1, а ў Мінску была нічыя — 0:0. Тады канструкцыя адбору на Еўра была крыху іншай, месца на кантынентальнае першынство разыгрывалі ўнутры Лігі D: наша каманда прайграла паўфінал Грузіі 0:1, тая фінал прайграла Паўночнай Македоніі. У Эстоніі ў рэйтынгу ФІФА цяпер 118-е месца, Беларусь — 100-я.
У зборнай Эстоніі ўсё яшчэ гуляе, напрыклад, Канстанцін Васільеў — яму ўжо 39 гадоў, але па мясцовых мерках ён у поўным парадку. Зрабіў сваю «Флору» чэмпіёнам краіны і стаў найлепшым гульцом унутранай лігі.
Ёсць абаронцы Максім Паскочы, які некалькі гадоў правёў у сістэме «Тотэнхэма», і Маркус Поам — сын легенды эстонскага футбола Марта Поама. Асноўны брамнік — Карл Хэйн, якога ў 2019-м набыў лонданскі «Арсенал» і адразу аддаў у арэнду «Рэдынгу» (другі дывізіён).
Трэнер — 49-гадовы швейцарац Томас Хэберлі. Ён працуе з 2021-га, да гэтага змяніў шмат пасад у «Янг Бойз» і «Базелі», перад пераездам яго звольнілі з «Люцэрна» праз дрэнныя вынікі.
Як Эстоніі трапіць на Еўра?
Шанец усё яшчэ ёсць за кошт рэйтынгу Лігі нацый, а таксама развязцы на карысць Чэхіі і Італіі ў апошнім туры.
Эстонцы занялі ў Лізе D (з Латвіяй, Малдовай, Мальтай, Андоры, Сан-Марына і Ліхтэнштэйнам) першае месца, гулялі ў падгрупе са слабейшымі — мальтыйцамі і Сан-Марына, выйгралі ўсе чатыры матчы, але з Мальтай мучыліся, але вырвалі перамог.
У рэйтынгу лігі, які аб'ядноўваў дзве групы, Эстонія апярэдзіла Латвію — хоць трэба прызнаць, што ўмовы былі няроўнымі, таму што латвійцы паралельна гулялі супраць значна больш моцнай у гэтым адборы Малдовы і як раз з ёй страцілі ключавыя балы.
У выніку Эстонія як лідар Лігі D стала першым прэтэндэнтам на вольнае месца ў плэй-оф кваліфікацыі.
Так і адбылося ў лізе А: калі Чэхія абыграла Малдову, а Італія згуляла ўнічыю з Украінай, гэтыя дзве каманды выйшлі на чэмпіянат Еўропы, значыць слот для Эстоніі вызваліўся.
Эстонцы як ніжэйшыя па рэйтынгу, згуляюць паўфінал плэй-оф на выездзе, супернікам можа быць Польшча ці дзве зборныя з тройкі каманд Украіна/Фінляндыя/Ісландыя (вызначыцца на лёсаванні 23 лістапада).
Каб трапіць на Еўра, спатрэбіцца выйграць паўфінал 21 сакавіка і фінал 26 сакавіка.
Беларусы ў гэты час будуць змагацца з Літвой за права застацца ў дывізіёне С Лігі нацый.
Чытайце таксама:
Грузія, Казахстан і нават Люксембург маюць рэальны шанец прабіцца на Еўра-2024
Каманда Расіі феерычна размалола зборную, якая буцы купіла перад гульнёй ва ўнівермагу
Італія, Славенія і Чэхія згуляюць на чэмпіянаце Еўропы па футболе