Беларусаў абавяжуць паведамляць у МУС пра іншаземных гасцей, нават калі тым не патрэбная рэгістрацыя

Юрыдычных асоб, ІП і фізічных асоб абавяжуць інфармаваць органы ўнутраных спраў аб даванні памяшканняў для пражывання замежнікам, якія часова знаходзяцца ў Беларусі. За ігнараванне гэтага палажэння прадугледзелі адміністрацыйную адказнасць.

22.11.2023 / 15:17

Сёння Палата прадстаўнікоў у першым чытанні прыняла праект зменаў у Закон Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2010 г. «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь» і Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Зменамі канкрэтызуецца пералік памяшканняў, пра пражыванне ў якіх замежнікаў трэба інфармаваць МУС. Гэта жылыя памяшканні, жылыя пакоі ў аграэкасядзібах, садовыя домікі, дачы, шматфункцыянальныя памяшканні (бізнэс-апартаменты), сродкі размяшчэння.

Акрамя таго, удакладняецца пералік формаў дагавораў, на падставе якіх такія памяшканні можна даваць замежнікам для пражывання: дагавор найму жылога памяшкання, дагавор на аказанне паслуг у сферы аграэкатурызму, дагавор арэнды і дагавор платнага аказання паслуг.

Прыняцце зменаў і іх рэалізацыя «дазволяць адаптаваць нормы Закона і КаАП да сучасных рэалій,

павысіць узровень інфармавання дзяржаўных органаў і забяспечыць своечасовасць паступлення звестак аб субʼектах, якія даюць для пражывання замежнікам жылыя памяшканні, а таксама аб саміх іншаземцах, якія часова знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку тых, якія не падлягаюць у адпаведнасці з заканадаўствам рэгістрацыі на тэрыторыі нашай краіны», — піша прэс-служба Палаты прадстаўнікоў.

У Беларусі вызваляюцца ад рэгістрацыі на працягу 30 сутак ад даты ўезду грамадзяне Казахстана, Латвіі, Літвы, Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў, Украіны і Эстоніі, а да 90 сутак — грамадзяне Расійскай Федэрацыі.

Але МУС будзе ведаць, дзе яны спыніліся.

Nashaniva.com