КНДР вывела на арбіту свой першы разведвальны спадарожнік

Паўночная Карэя вывела на арбіту свой першы разведвальны спадарожнік, паведамляе Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі (ЦТАК). Эксперты лічаць, што ў гэтым ёй дапамагла Расія ў абмен на зброю.

22.11.2023 / 16:30

КНДР вывела на арбіту свой першы разведвальны спадарожнік. Усе фота: kcna.kp

Ракету-носьбіт запусцілі 21 лістапада ў 22:42 па мясцовым часе з касмадрома Сохэ. За запускам асабіста назіраў лідар КНДР Кім Чэн Ын.

На наступны дзень, паводле агенцтва, Кім Чэн Ын азнаёміўся са спадарожнікавымі здымкамі вайсковых баз ЗША. Паўнавартасную жа працу, паводле паведамлення, спадарожнік пачне толькі з 1 снежня, бо на яго настройку патрэбна 7-10 дзён.

ЗША назвалі гэты запуск «нахабным парушэннем шматлікіх рэзалюцый Рады бяспекі ААН», які «павышае напружанасць і рызыкуе дэстабілізаваць сітуацыю з бяспекай у рэгіёне і за яго межамі».

Эксперты мяркуюць, што КНДР удалося гэта дзякуючы дапамозе Расіі. Раней Паўночная Карэя мела дзве няўдалыя спробы запуску — у маі і жніўні. Улічваючы, што паміж другой і трэцяй спробай прайшло ўсяго каля трох месяцаў, эксперты мяркуюць, што КНДР скарысталася «тэхналагічнымі ноу-хау расійскіх інжынераў».

Кім Чэн Ын жа, паводле агенцтва ЦТАК, заявіў, што КНДР «уласнымі сіламі правяло працу па стварэнні здольнасці да аэракасмічнай выведкі».

Расія і Паўночная Карэя ў апошні час заўважна зблізіліся. У ліпені ў КНДР прыязджаў міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу. У верасні Расію наведаў лідар Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын. У кастрычніку КНДР прыехаў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў.

Міжнародныя агенцтвы паведамляюць, што КНДР дапамагае Расіі з узбраеннем. Паводле Bloomberg, са жніўня КНДР адправіла ў Расію больш за мільён артылерыйскіх снарадаў у абмен на дапамогу Масквы ў запуску разведвальнага спадарожніка. Аssociated Press пісала, што Паўночная Карэя магла перадаць Расіі балістычныя ракеты.

Чытайце таксама:

Эксперты выявілі імаверныя шляхі паставак зброі з КНДР у Расію

Як у Расіі ўлагоджваюць Кім Чэн Ына

Пуцін «з радасцю прыняў запрашэнне дарагога таварыша Кім Чэн Ына» наведаць КНДР

Nashaniva.com