МУС распавёў пра знойдзены арсенал зброі ў доме, дзе міліцыя страляла на паражэнне ў 19-гадовага хлопца 

У затрыманых у Крупскім раёне мужчын канфіскаваны вялікі незаконны арсенал, заявіў начальнік аддзела ўпраўлення ГУБАЗіК Сяргей Зубараў.

23.11.2023 / 10:22

Скрын відэа

У вёсцы Вялікі Лес Крупскага раёна 21 лістапада супрацоўнікі ГУБАЗіК і АМАП пры праверцы інфармацыі аб незаконным абароце зброі затрымалі траіх мужчын: бацьку і двух сыноў. Малодшы — 19-гадовы — нібыта пагражаў праваахоўнікам нажамі. У яго стралялі на паражэнне. Яго шпіталізавалі.

Паводле МУС, мужчыны, займаліся незаконным паляваннем. У ходзе ператрусаў у іх выяўлена і канфіскавана халодная, агнястрэльная зброя, боепрыпасы, выбуховыя рэчывы, паведамляе МУС.

На распаўсюджаным МУС відэа бачна, як амапаўцы выбіваюць браму дома. Дзверы хаты адчыняе гаспадар з паднятымі рукамі. Усё, што адбывалася далей, не бачна. Толькі чуваць галасы сілавікоў: «Кінь нож», – і раздаецца стрэл.

20 лістапада ў Рэчыцкім раёне міліцыянты застрэлілі мужчыну, які таксама нібыта быў са зброяй. 

Nashaniva.com