Эксперт пра дазвол беларусам на эміграцыю: Нічога нечаканага і рэзкага пастанова не ўводзіць
Эксперт пракаментаваў «Свабодзе» новую працэдуру дазволу беларускім грамадзянам на выезд для сталага пражывання за мяжу.
23.11.2023 / 13:50
Юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павал Сапелка даў сваю ацэнку новай пастанове ўрада. Дакумент вызначае парадак дазволу на выезд за мяжу на сталае пражыванне.
Эксперт адзначыў, што нічога нечаканага і рэзкага пастанова не ўводзіць. Фактычна, падобныя нормы раней ужо былі ў законе.
— Што рэзка змяніцца для грамадзян краіны пасля прыняцця новага дакумента?
— Нічога радыкальна новага Пастанова Савету міністраў не прадугледжвае, а толькі развівае нормы Закона ад 20 верасня 2009 года пад № 49-З «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь». У раздзеле 4 гэтага закона мова ідзе пра афармленне грамадзянам выезду для сталага пражывання (афармленне сталага пражывання) за межамі Рэспублікі Беларусь.
Падкрэслю — размовы аб нейкіх дазволах не ідзе, гэты працэс датычыцца менавіта афармлення дакументаў — перш за ўсё пашпарта, у які ўносяцца адпаведныя адзнакі.
У артыкуле 20 гэтага закона ўстаноўлены абавязкі грамадзян, якія жадаюць аформіць выезд для пастаяннага пражывання (аформіць пастаяннае пражыванне) за межамі Рэспублікі Беларусь. Якраз іх, толькі ў больш разгорнутым і дэталізаваным выглядзе, перанеслі ў новую пастанову.
— Атрымліваецца, адзіная істотная розніца — з афармленнем дакументаў на выезд, а ніяк не з працэдурай? Бо раней уладальнікам пашпарта серыі РР ставілі пячатку ў пашпарт.
— Тут можна не паглыбляцца ў дэталі, асноўная ідэя — гэта не дазвольны прынцып, калі дзяржава, як у СССР, дазваляла або не дазваляла свайму грамадзяніну выезд, гэта проста працэдура, парадак афармлення дакументаў, вынікам якога становіцца зняцце з уліку і афармленне запісу ў пашпарце. Нават пры адмове чалавек можа з'ехаць з краіны, але застанецца зарэгістраваным у Беларусі.
Пастанова гаворыць аб тым, што паўналетні грамадзянін пры намеры выехаць на сталае жыхарства за мяжу цяпер мусіць падаць адпаведную заяву пра жаданне выехаць і неабходныя дакументы ў аддзел грамадзянства і міграцыі. Заяву і дакументы ад імя непаўналетніх падае законны прадстаўнік.
Чыноўнікі ў 3-дзённы тэрмін пасля атрымання дакументаў адправяць неабходныя запыты наконт магчымых запазычанасцяў. Сярод іх:
- аб выкананні падатковых абавязанняў;
- спыненні дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка;
наяўнасці згоды вайсковага камісарыяту (у дачыненні прызыўнікоў і грамадзян ва ўзросце 18-27 гадоў, якія знаходзяцца ў запасе); - выкананні аліментных абавязанняў;
- звестках пра кампенсацыю выдаткаў, якія дзяржава панесла на ўтрыманне дзяцей (у дачыненні да абавязаных асоб).
Акрамя таго, чыноўнікі правераць, ці няма ў заяўніка абмежаванняў на выезд, ці ёсць ён у банку правапарушэнняў.
У выпадку згоды ў пашпарт паставяць адзнаку аб дазволе на афармленне выезду за мяжу для сталага пражывання.
Пра рашэнне заяўніку паведамяць на працягу трох дзён пасля яго прыняцця.
Чытайце таксама:
Як улады будуць даваць дазвол беларусам на эміграцыю — распрацавана працэдура