Чалавек засольвае планету. Навукоўцы патрабуюць, каб некаторыя меры былі прынятыя проста зараз
З новага даследавання, апублікаванага ў часопісе Nature Reviews Earth & Environment, вынікае, што чалавецтва засольвае планету. Наша дзейнасць і паводзіны робяць усё асяроддзе — ад паветра і глебы да прэснай вады — больш салёным, парушаючы натуральны «колазварот солі» на Зямлі.
24.11.2023 / 08:19
Фота: vecteezy
Гэта не проста павелічэнне злучэння хларыду натрыю ці звычайнай харчовай солі. Гэта павелічэнне шырокага спектру соляў у хімічным сэнсе — злучэнняў, якія ўключаюць станоўча і адмоўна зараджаныя іоны, што звычайна ўтвараюцца ў выніку рэакцый паміж кіслотамі і асновамі. І ўсе гэтыя солі азначаюць адно і тое ж, калі іх стае занадта шмат у любым месцы планеты: непрыемнасці.
Калі думаць пра планету як пра жывы арганізм, то назапашванне такой колькасці солі можа паўплываць на функцыянаванне жыццёва важных органаў або экасістэм, кажуць даследчыкі ў прэс-рэлізе да працы. А выдаленне солі з вады ўяўляе сабой вельмі энергаёмісты і дарагі працэс. Пры гэтым «расол», які ў выніку атрымліваецца, — яшчэ больш салёны, чым акіянская вада; і яго не так проста ўтылізаваць.
Згодна з даследаваннем, прычынамі паскоранага «антрапагеннага солевага цыклу» сталі здабыча карысных выкапняў, сельская гаспадарка і — што, магчыма, асабліва шкодна — выкарыстанне дарожнай солі. Міграцыя соляў з глыбіні Зямлі на паверхню — натуральны працэс, але наша паскарэнне гэтага працэсу выклікае найвялікшыя праблемы.
І шкода павялічваецца літаральна кожную хвіліну. Даследчыкі паведамляюць, што «засаленне», выкліканае чалавекам, ужо зачапіла ва ўсім свеце 2,5 мільярда акраў глебы (больш за 1 мільярд гектараў). Таксама назіраецца павышэнне ўтрымання солі ў рэках і азёрах. Рост колькасці солі таксама і ў паветры выклікаюць высахлыя салёныя азёры і дарожная соль.
Наступствы гэтай сітуацыі даволі сур’ёзныя. Соль мае невялікі іонны радыус і таму можа вельмі лёгка ўклініцца паміж часціцамі глебы, перадае словы даследчыкаў Popular Mechanics. Менавіта так дарожная соль прадухіляе ўтварэнне крышталёў лёду, і гэта дазваляе ёй пранікаць у хімічныя злучэнні для стварэння «кактэйляў», якія наносяць шкоду навакольнаму асяроддзю. Да ўсяго іншага, соль спрыяе хутчэйшаму раставанню снегу, а занадта актыўнае раставанне вядзе да экалагічнай катастрофы.
Каманда даследчыкаў заклікала перайсці з дарожнай солі на менш шкодныя (але ўсё яшчэ вельмі эфектыўныя) альтэрнатывы, напрыклад, бураковы сок. Навукоўцы таксама выступаюць за ўвядзенне «планетарнага ліміту для бяспечнага і ўстойлівага выкарыстання солі», каб прадухіліць далейшую шкоду.
Чытайце таксама:
Цяпер афіцыйна: гэта было самае спякотнае лета за ўсю гісторыю назіранняў
Рэкордна нізкі ўзровень лёду ў Антарктыдзе забіў тысячы птушанят пінгвінаў
Глыбока ў лёгкіх жывых людзей знайшлі часцінкі пластыку. Невядома, як гэта ўплывае на здароўе