Свабода слова за межамі дыктатуры. Ці могуць беларусы крытыкаваць палітыку Захаду?
Пасля палітычных пратэстаў 2020 года сотні тысяч беларусаў праз пагрозу рэпрэсій апынуліся за мяжой. Шмат каму з гэтых людзей пагражала турэмнае пакаранне толькі за тое, што яны скарысталіся сваім правам на свабоду выказвання. Але ці маюць яны такое права ў тых бяспечных дзяржавах, дзе жывуць цяпер? Бывае, што чалавеку, які выказваецца пра нейкія праблемы жыцця ў той краіне, дзе ён апынуўся, ратуючыся ад пераследу, адказваюць: «Што ж ты там жывеш? Вяртайся назад у Беларусь!». Пра гэту праблему на Ostwest.space разважае журналіст Віталь Цыганкоў.
23.11.2023 / 20:08
Віталь Цыганкоў на Дні Волі 25 сакавіка 2023 года ў Варшаве. Фота з асабістага архіва аўтара
Не кожная крытыка — «расейская прапаганда»
Нядаўна я ледзь не зрабіў стратэгічную памылку. Размаўляючы з гаспадыняй кватэры, якую здымаю ў Варшаве, я захоплена пачаў даводзіць, як добра жыць у Польшчы (калі, канешне, заплюшчыць вочы на тыя трагічныя абставіны, з-за якіх я вымушана знаходжуся за межамі Беларусі). Гучала гэта прыкладна так: «У нашым раёне на ўскрайку горада поўна крамаў, рэстаранаў, ёсць басейн, парк, дзіцячая зона, спартовыя пляцоўкі, шмат самых розных дрэваў, усё прыгожа і чыста. Калі ідзеш па цэнтры Варшавы вечарам, усё свеціцца, у клубах і рэстаранах поўна людзей, столькі новых сучасных будынкаў, новыя музеі, помнікі…»
Яшчэ не дагаварыўшы гэтую хвалебную тыраду, я зразумеў, што трапіў не на тую мэтавую аўдыторыю. «Жыццё страшна падаражэла, яйкі падаражэлі, масла падаражэла, транспарт ходзіць кепска, працэнты банкаўскія растуць, PIS будуе дыктатуру», — усхвалявана казала Рэгіна, і я падумаў, што зараз мая ветлівая і зычлівая гаспадыня падвысіць мне аплату альбо ўвогуле выставіць з кватэры.
Слухаючы яе максімальна крытычныя разважанні, я пачаў асцярожна азірацца вакол, са страхам правяраючы, ці не схавалася недзе ў кустах здымачная група расейскага альбо беларускага тэлебачання. Якая здымае нашу размову, каб выдаць у эфір сюжэт з тытрамі «Польская пенсіянерка патлумачыла збегламу журналісту, як насамрэч цяжка жыць у Варшаве».
Гэта, канешне, жарт.
Але зусім не жарт тое, што калі беларусы (ці ў самой Беларусі, ці за яе межамі) пачынаюць крытыкаваць нейкія рэаліі па заходні бок ад мяжы, знаходзяцца людзі, якія пачынаюць іх абвінавачваць у «распаўсюджванні наратываў расейскай прапаганды».
«Праца на расейскую прапаганду» — гэта яшчэ не самае страшнае, што можа пачуць у сацсетках у адказ на развагі пра заходнія рэаліі. Самае прыкрае — гэта калі чалавеку, які выказваецца пра нейкія праблемы жыцця ў той краіне, дзе ён зараз апынуўся, кажуць: «Што ж ты там жывеш, вяртайся назад у Беларусь». Пры тым нярэдка такое кажуць людзям, пра якіх дакладна вядома, што вярнуцца яны не могуць, бо адразу будуць арыштаваныя.
Няўжо тыя, хто такое прамаўляюць, не заўважаюць, як гэта гучыць? — ганебна, па-саўковаму і вельмі таталітарна. У гэтым, калі казаць шчыра, праяўляецца тая самая рабская псіхалогія — «не выпендрывайся, маўчы і ўхваляй новага гаспадара». Толькі выгляд з іншага ракурсу.
Калі палякі выходзяць на шматтысячны мітынг супраць свайго ўрада, калі яны жорстка крытыкуюць стан дэмакратыі і дзяржаўнай прэсы ў сваёй краіне — яны менш за ўсё думаюць, што пра гэта скажа расейская прапаганда.
Калі французскія жоўтыя камізэлькі выходзілі на мітынгі і нават уступалі ў сутыкненні з паліцыяй, то апошняе, што іх цікавіла — як гэта пакажуць на беларускіх дзяржаўных каналах.
Калі амерыканцы здымаюць і публікуюць у твітары рэальна жахлівыя кадры вуліц з наркаманамі Лос-Анджэлеса ці Філадэльфіі (ну проста кадры фільмаў пра зомбі-апакаліпсіс!), то яны менш за ўсё думаюць, што заўтра гэтыя кадры скарыстае беларуская прапаганда.
І калі ўкраінскія журналісты ўскрываюць карупцыю і бардак у сваёй краіне, якая вядзе вайну з агрэсарам — то яны дапамагаюць сваёй краіне перамагчы, а не даюць «матэрыял» для праграмы Салаўёва.
«Чаму я павінен параўноўваць з Беларуссю? Можа, параўнаем з Самалі?»
Памятаю, сябар — беларус, які жыве ў Варшаве ўжо гадоў з дзесяць, — скардзіўся мне на жыццё ў Польшчы, на інфляцыю, на раптоўнае падвышэнне ставак крэдытаў па іпатэцы, на тыя ж «яйкі і масла». Я тады яму кажу: «Слухай, у Беларусі большасць харчовых тавараў па тых самых коштах, а часам і даражэйшыя. Адзенне ж у Польшчы таннейшае і выбар лепшы. Пры тым што заробак у тры разы большы. Грэх скардзіцца».
«А чаму я павінен параўноўваць з Беларуссю? А можа, параўнаем з Самалі? Ці з КНДР? Радавацца, што не галадаю? Што ў маю кватэру не ўломіцца АМАП?», — даволі рэзка адказаў ён.
Лагічна. Людзі хутка прызвычайваюцца да добрага і лепшага. Колькі разоў назіраў, як, апынуўшыся на Захадзе і адпаведна пачаўшы зарабляць заходнія грошы, чалавек вельмі хутка пераставаў параўноўваць іх з заробкамі ў Беларусі. Атрымаўшы даход у дзясяткі разоў большы, чым меў у Беларусі (гэта магчыма было ў 1990-я, калі ў Беларусі заробак складаў каля 50 долараў), чалавек лічыў свой новы заходні заробак даволі «сярэднім», а то і «маленькім» — у параўнанні з заробкамі іншых жыхароў гэтай краіны.
У прынцыпе, гэта ж вечны аргумент, якім можна «біць» і беларусаў у Беларусі — пакуль вы добра харчуецеся, маеце жытло і цяпло, у Афрыцы людзі галадаюць, у Бангладэш жывуць па 10 чалавек на 20 метрах, недзе не маюць доступу да нармальнай вады… Заўсёды на Зямлі знойдзецца хтосьці, каму горш за нас. Але людзі штодня не думаюць пра тое, як ім «пашанцавала». Яны ўспрымаюць свой цяперашні ўзровень як норму, і ставяцца да яго даволі крытычна, знаходзячы нават у самым заможным і паспяховым жыцці недахопы.
Жывучы стала ці часова на Захадзе, беларусы ў той ці іншай ступені натуральна пранікаюцца тымі ж праблемамі, якімі жывуць «мясцовыя». А тым, хто жыве ў Беларусі, гэта можа падацца далёкім ад іхных бедаў і нават выклікаць раздражненне.
Дзень Волі 25 сакавіка 2023 года ў Варшаве. Фота з прыватнага архіва аўтара
Гэта «наш», «мой» Захад
Жывучы да 2021-га ў Беларусі, я ўвесь час выказваўся на «Радыё Свабода» і ў сваім фэйсбуку на «заходнія» тэмы: пра выбары ў ЗША, пра фемінізм, уздымаў універсальныя пытанні — ад паліткарэктнасці да свабоды слова, ад мігрантаў да мультыкультуралізму. Я не адчуваю і ніколі не адчуваў, што гэта далёкія ці чужыя для мяне праблемы.
Па-першае, я бачыў, што ўсе гэтыя тэмы выклікаюць самую неабыякавую і гарачую рэакцыю ў маіх чытачоў, пераважная большасць якіх на той час таксама жылі ў Беларусі. Трэба сказаць, што палітычна і грамадска актыўныя беларусы маюць даволі шырокія погляды на свет, не зацыкліваюцца выключна на мясцовых праблемах.
Па-другое, жывучы ў Беларусі, я даўно ментальна адчуваў сябе часткай менавіта заходняй цывілізацыі; «іхнія» праблемы былі і ёсць для мяне «маімі» праблемамі, якія адгукаюцца, падаюцца найбольш істотнымі, патрабуюць рэфлексіі і роздуму. І гэта тыя сферы жыцця, дзе часам ідуць новыя і нечаканыя працэсы, дзе змены настрояў грамадтва па некаторых пытаннях адбываюцца літаральна за некалькі гадоў. (А па іншы бок інтэлектуальнай карціны — нашы беларускія «вечныя» і нязменныя пытанні. Вядома, 2020 год шмат чаго ўскалыхнуў, змяніў грамадства — але экзістэнцыяльныя праблемы засталіся тымі самымі. Я часам горка іранізую, што можна нічога новага не пісаць, а проста перадрукоўваць свае ж тэксты 20-гадовай даўніны пра мову, Расею ці дыктатуру.)
І канешне, кожны раз, калі атрымліваеш рэакцыю ў стылі «А чаму гэта вас цікавіць?», хочацца адказаць: «А сапраўды, чаму мяне цікавіць жыццё ва ўсіх ягоных праявах? Чаму мяне цікавяць галоўныя праблемы і ростані чалавецтва, якія (прынамсі, у наш час) фармуюцца і нараджаюцца на Захадзе? Чаму мяне цікавяць тыя тэмы, якія так ці іначай праз пэўны час прыйдуць і да нас, у Беларусь?»
Неяк пабачыў у фэйсбуку рэпліку аднаго беларуса, што Захад ужо не той, што ён слабее і мяняе сваю сутнасць. Можаце ўявіць сабе, як на яго накінуліся прагрэсіўныя каментатары. Дыяпазон рэплік і абразаў быў самы разнастайны, не варта яго тут паўтараць. Ды што там нейкі невядомы чалавек — не менш хэйту і абразаў на свой адрас можа атрымаць і вядомы палітык (напрыклад, Зянон Пазняк), калі крытычна выказваецца пра тыя ці іншыя заходнія рэаліі.
Між тым, пра «заняпад» (уяўны ці сапраўдны) Захаду пішуцца кнігі, артыкулы, публіцыстычныя і навуковыя працы — і зусім не толькі ў кансерватыўнай, а і ў цалкам мэйнстрымнай, ліберальнай прэсе. У адрозненне ад некаторых «паліткарэктных» тэмаў, акурат лёс заходняй цывілізацыі абмяркоўваецца даволі смела і ўсебакова. Цікава і тое, што, паводле шматлікіх сацыялагічных даследаванняў, у ЗША найменшы ўзровень амерыканскага патрыятызму сёння назіраецца менавіта сярод маладых прыхільнікаў Дэмакратычнай партыі.
Беларусы — чэмпіёны па бегу на хуткасць добраахвотнай асіміляцыі?
Ёсць яшчэ адзін аспект, яшчэ адна прычына імкнення пераехаўшых быць «цішэйшымі за ваду».
Гэта жаданне як мага хутчэй стаць узорным членам новага грамадства — што, на думку многіх, павінна ўключаць максімальную і безумоўную лаяльнасць (нават калі ад цябе яе асабліва і не патрабуюць).
Гэта вечнае жаданне быць свяцейшым за Папу Рымскага, стаць большым палякам, чым самі палякі, і больш патрыятычным амерыканцам за саміх амерыканцаў. Ісці на мітынг нацыяналістаў на Дзень незалежнасці Польшчы і крычаць «Польшча для палякаў!» — гэта вельмі па-беларуску.
У прынцыпе, мы ж не адны такія. У тых самых ЗША большасць эмігрантаў асабліва не баяцца асіміляцыі — італьянцы, ірландцы, немцы, шведы, палякі не ствараюць сваіх палітычных лобі, бо не вельмі непакояцца за сваю гістарычную радзіму. А самыя моцныя лобі якраз у тых нацыяў, у якіх ёсць падставы хвалявацца — яўрэі, армяне, грэкі.
Паводле гэтай логікі, акурат беларусам нельга хутка асімілявацца, станавіцца «як усе» — бо і зараз і, магчыма, яшчэ пэўны час нам трэба будзе мець у заходніх краінах сваё актыўнае лобі з моцнай нацыянальнай ідэнтычнасцю.
А пакуль што — у сваім жаданні дагадзіць «мясцовым» многія беларусы нават гатовыя рабіць тое, што ад іх і не просяць.
Здаецца, літоўцаў ніколі не цікавіла і не турбавала, як у беларускай мове называецца Вільня. Але ж вось ужо некаторыя бягуць наперадзе цягніка, каб спадабацца літоўцам: «А давайце будзем гаварыць Вільнюс». «Разумею, што сённяшняя ідэя замяніць Вільню ў беларускай мове на Вільнюс узнікла ад жадання дагадзіць літоўцам за кошт самапрыніжэння», — піша Сяргей Дубавец на «Свабодзе».
Давайце дыскутаваць на роўных
Захад мяняецца не заўсёды ў лепшы бок — хапае працэсаў, якія не могуць (у прыватнасці, у мяне) не выклікаць неразумення і непрымання.
З'яўляецца негалосная тэндэнцыя пра пэўныя рэчы не гаварыць. Гэтага немагчыма было ўявіць у 1990-я. Тады нас пераконвалі, што любыя тэмы трэба абмяркоўваць, што толькі поўная адкрытасць можа дапамагчы знайсці правільныя рашэнні.
Мы прагнулі весці сваю краіну на Захад не толькі з-за ягоных матэрыяльных дабротаў, але з-за свабоды слова і думкі, з-за правоў чалавека і вяршэнства закону.
Назіраю апошнія гадоў з 25 за амерыканскай прэсай, і расце ўражанне, што некаторыя СМІ ўжо не ставяць сваёй мэтай максімальны шырока інфармаваць людзей, прапаноўваць ім розныя пункты гледжання, дыскусіі, а проста граюць на баку «сваёй» палітычнай ідэалогіі і «сваёй» палітычнай сілы. Назіраецца парадаксальная звязка новых тэхналагічных кампаній з палітыкамі і СМІ ў жаданні кантраляваць інфармацыйны парадак дня і ігнараваць тое, што не адпавядае патрэбнаму наратыву.
Як вынік — давер да СМІ, як паказвае сацыялогія, у ЗША радыкальна зменшыўся; журналісты ў масавай свядомасці з адных з самых паважаных і нават гераічных людзей (у 1990-я) пераўтварыліся пераважна ў недалёкіх і цынічных, негатыўных герояў.
Але ж гэта толькі мая версія і мае асабістыя назіранні. У іншых людзей да Захаду зусім іншыя, часам супрацьлеглыя прэтэнзіі. Адны не прымаюць незаконную міграцыю, іншыя, наадварот, патрабуюць яшчэ большай свабоды перамяшчэння. Адны наракаюць на паліткарэктнасць і звужэнне свабоды думкі, іншыя заяўляюць, што там і так «надта шмат дазволена».
У любым выпадку можна канстатаваць, што прывабнасць Захаду і, адпаведна, ідэя ўступлення Беларусі ў Еўразвяз за апошні час не становіцца больш папулярнай, трымаючыся вось ужо тры гады ў раёне 23—27 працэнтаў.
І гэта праблема: як для нас — тых беларусаў, якія хочуць бачыць сваю краіну ў еўрапейскіх структурах, так і для Захаду.
І вырашаць гэтую праблему можна і варта дыялогам. Не ў стылі «мы гаворым, а вы нас слухайце», а ў стылі «давайце дыскутаваць на роўных».
Можа, хтосьці скажа — маўляў, што вы, людзі з краіны, у якой пануе дыктатура, можаце параіць еўрапейцам і амерыканцам? Цікава, што калісьці падобнае стаўленне пераадольвалі і ўсходнееўрапейцы, якія пазбавіліся савецкага панавання і ўліваліся ў заходнія структуры. Таксама ў пэўных колах была тэндэнцыя ставіцца да іх як да прадстаўнікоў не самых развітых грамадстваў, якія не могуць нічога карыснага прапанаваць жыхарам краінаў з даўняй і развітай дэмакратыяй.
Хаця, мне падаецца, у нашым беларускім варыянце гэты, мякка скажам, недавер хутчэй зыходзіць ад саміх беларусаў. Тое самае: «А хто ты такі, каб выказвацца?». І ў гэтым праяўляецца савецкі (які стаў поставецкім) канфармізм — «ведай сваё месца», «табе больш за ўсіх трэба?», «всяк сверчок знай свой шесток» і процьма іншых банальных «мудрасцяў».
Сядзі ціха, не рыпайся, радуйся, што цябе прытулілі, памоўчвай і бясконца дзякуй свайму новаму месцу жыхарства.
Аднак… Магчыма, сёння Захаду не так і патрэбныя нашыя хваласпевы — магчыма, яму якраз патрэбны наш нестандартны, спакойны і часам крытычны погляд збоку. Можа, мы, беларусы, здольныя пабачыць штосьці такое, што не бачаць «мясцовыя» (спадабалася мне гэта слова!), якія даўно звыкліся з пэўнымі рэаліямі і ўспрымаюць іх як належнае.
Усё ж мы маем унікальны досвед жыцця ў дыктатуры, дзякуючы якому некаторыя рэчы мы ўспрымаем больш востра, і можам угледзець пагрозу там, дзе яе не ўбачаць людзі, якім пашанцавала ведаць пра дыктатуру толькі з фільмаў і кніг.
Чытайце таксама:
Цыганкоў: На самай справе формула была такая — «мы сваю краіну ім, беларусам, не аддадзім»
Віталь Цыганкоў: Мая ўнутраная Элачка-людаедачка і мемы ў месенджарах