«Больш чым сярэдні заробак». Магілёўскі рамеснік расказаў, ці рэальна пракарміцца з драўлянага посуду
26-гадовы Кірыла Літвіненка па адукацыі інжынер-будаўнік. Яшчэ 3 гады таму працаваў майстрам у прыватнай арганізацыі, а цяпер аформіў рамесніцтва і стварае з дрэва ўнікальныя прадметы дэкору: інтэр'ерныя вазы, шкатулкі і аўтарскі посуд, піша Magilev.by.
23.11.2023 / 22:26
Кірыл Літвіненка на выставе-кірмашы Klukva Маркет. Магілёў, лістапад 2023 года
«Яна хацела купіць качалку, а я сказаў, што сам вытачу»
Кірыла распавядае, што ягоная душа заўсёды ляжала да творчасці: У дзяцінстве займаўся маляваннем, каменьчыкі збіраў па рэчках, у юнацтве захапляўся стрынг-артам, тады ж навучыўся працаваць з дрэвам. Ягоная сям'я жыла ў сваім доме. Каб дом утрымліваць, трэба прыкласці руку. У прыватным двары заўсёды ёсць, чым заняцца. Добры гаспадар у сям'і Кірылы — ягоны бацька, які заўсёды любіў і ўмеў працаваць па дрэве. З яго і браў прыклад сын.
Дома было ўсё неабходнае:
«Заўсёды быў нейкі запас дубу, станкі дрэваапрацоўчыя: і самыя простыя, і прафесійныя. Я навучыўся рабіць вырабы на такарным станку, які дазваляе з дапамогай элементаў кручэння дамагчыся нейкіх формаў. Таму мае вырабы, у асноўным, круглыя, — тлумачыць хлопец. — Цяпер у мяне шмат усяго: чаша з грушы, піяла з дубу, талерка з ясеню з жывым краем, з карой — незвычайныя. Але спачатку, вядома, было ўсё вельмі просценька».
Першы свой выраб хлопец ствараў не на продаж. Гэта быў асаблівы падарунак для каханай дзяўчыны.
«Яна хацела купіць качалку ў краме, а я сказаў, што сам вытачу. Хацелася ёй зрабіць прыемнае, — з усмешкай успамінае Кірыла. — А як дзяўчына з гэтым ніколі звязаная не была, ёй спадабалася. Плюс, я вельмі скрупулёзна падыходзіў да гэтага пытання, як і ўвогуле да ўсяго: усё ідэальна адшліфаваў, вымераў, выверыў — атрымалася прыгожа».
Затым малады чалавек стаў глядзець у інтэрнэце відэаролікі пра тое, як людзі займаюцца такарнай апрацоўкай дрэва (woodturning), вырашыў сам паспрабаваць нешта падобнае і зрабіў з бярозы місачку, якая цяпер упрыгожвае ягоны хатні інтэр'ер.
Вырабы з дрэва ручной працы. Аўтар — Кірыла Літвіненка
«Можна зарабіць і 2 000 за кірмаш»
Паўтара года таму хлопец сышоў з асноўнай працы. Не спецыяльна, проста так склаліся абставіны. Аднак дзякуючы гэтаму ён змог надаваць любімай справе не 2 гадзіны ў тыдзень, як раней, а столькі, колькі неабходна, таму раптам хобі стала ператварацца ў асноўны від дзейнасці.
«Я пачаў гэтым займацца маштабна, — расказвае майстар. — У лютым зарэгістраваўся як рамеснік, у траўні завёў старонкі ў тыктоку, у інстаграме, у ютубе. Пакуль што падпісчыкаў там няшмат — крыху больш за 200. Асноўныя продажы — на кірмашах, на нейкіх гарадскіх мерапрыемствах. Ездзіў і ў іншыя гарады: у Гомель, у Гродна, на «Чароўны млын» у Мінск. Там можна прадаць значна больш, чым у нас.
Тут (на выставе-кірмашы «Klukva Маркет» у Магілёве — заўв. аўт.) — мы проста сталі ў гандлёвым цэнтры, людзі выпадковыя заходзяць сюды і купляюць. А там жа кірмаш, які некалькі гадоў. Ён праходзіць у адным і тым жа месцы, у іх старонка свая, дзе куча канкрэтных падпісчыкаў. Яны ўвесь час рэкламай займаюцца.
Калі ёсць колькасць гатовых вырабаў, у Мінску можна зарабіць і 2 000 за кірмаш — плюс-мінус 500 рублёў. І посуд, і вазы людзі добра бяруць. Сярэдняя цана на іх — 50-60 рублёў. Маленькія вазачкі можна купіць і па 20, самыя буйныя — па 100».
«Я, можна сказаць, яшчэ і мастак»
Каб сысці з пастаяннай працы і пачаць займацца любімай справай, патрэбна пэўная смеласць, аднак наш герой быў упэўнены, што фінансавы бок не пацерпіць, а галоўнае, — знойдуцца яшчэ і дадатковыя бонусы.
«Вядома, калі б гэта не прыносіла даход, я б гэтым не займаўся, — канстатуе Кірыла. — Лагічна: трэба на нешта жыць, нешта есці. А ў маім выпадку гэта яшчэ і такі спосаб самавыяўлення. Я, можна сказаць, яшчэ і мастак. Стараюся падабраць нейкія кавалачкі прыгожыя, нейкія малюнкі прыродныя.
Але многае залежыць і ад мяне. Трэба глядзець і думаць, якім бокам павярнуць выраб — малюнак выходзіць розны, атрымліваецца ўнікальная рэч. Такога ў прынцыпе нідзе няма, а калі і ёсць, то ў вельмі рэдкіх экзэмплярах, таму людзі купляюць.
Калі сур'ёзна гэтым займацца, у месяц можна зарабіць добрыя грошы — больш чым сярэдні заробак».
«Стараюся выбіраць дрэва, у якога ёсць нейкія асаблівасці»
Плюсы сваёй справы Кірыла бачыць не толькі ў заробку, але таксама ў эстэтыцы сваіх вырабаў і ў экалагічнасці матэрыялу.
Працаваць з дрэвам, па словах Кірылы, штука працазатратная. Калі палічыць час ад нарыхтоўкі драўніны да канчатковага вырабу, па яго словах, сыходзіць не менш за два месяцы.
Вырабы з дрэва ручной працы. Аўтар — Кірыла Літвіненка
«Я працую з сырым дрэвам, — тлумачыць тонкасці працэсу Кірыла. — Каб дамагчыся таўшчыні сценкі салатніка ў 10 сантыметраў і шукаць для гэтага сухі матэрыял, то атрымаецца вельмі дорага, і шмат матэрыялу пойдзе ва ўтыль, будзе шмат расколін. Таму я выточваю з сырой драўніны, апрацоўваю па сырым, а калі падсыхае — па сухім.
Драўніну нарыхтоўваю сам. Практычна любую. Не працую з вольхай, асінай і ліпай, таму што яны небагатыя на тэкстуру. А я стараюся выбіраць дрэва, у якога ёсць нейкія асаблівасці. У асноўным гэта ясень, дуб, вяз, груша, яблыня, сліва, чарэшня.
Матэрыял шукаю ўсюды. Часта на машыне езджу, слухаю гук бензапілы або гляджу: дрэва паваліла ў кагосьці, вядзецца рамонт дарогі, прарвала цеплатрасу, капаюць або вядуць кабель. У такіх выпадках дрэва спілоўваюць звычайна, і яно яшчэ некалькі тыдняў ці дзён ляжыць. Калі ёсць такая магчымасць, падыходжу і дамаўляюся забраць.
Езджу па вёсках, шукаю яблыні або грушы велізарныя. Я ж разумею, што яны людзям проста не патрэбныя. Чым большая груша або яблыня, тым менш яна пладаносіць: усе сілы сыходзяць у драўніну, у карані, а не ў плод, таму людзі часта згаджаюцца за адносна невялікую суму спілаваць старое дрэва, а нехта і бясплатна аддае».
Ці выгадная гэта справа — выточваць дэкаратыўныя вырабы з дрэва – і ці можна неяк развівацца ў гэтым кірунку, пакажа час, а цяпер Кірыла разважае пра гэта па-філасофску:
«Пытанне нават не ў выгадзе, а ў тым, да чаго душа ляжыць. Жыццё адно, і растрачваць яго на тое, чым табе не падабаецца займацца, мне здаецца, няправільна».
Чытайце таксама: