Эксперты назвалі праблемы беларускай культуры

Адток кадраў, эміграцыя і замяшчэнне расійскім кантэнтам.

24.11.2023 / 16:37

Эксперты паказалі некалькі даследаванняў пад агульнай назвай «Беларуская культура: стан і патрэбы актараў, перспектывы рэфармавання».

Кандыдат культуралогіі, рэдактар «Беларускага штогодніка» Вадзім Мажэйка па выніках працы адзначае такія праблемы беларускай культуры:

Мажэйка звяртае ўвагу, што ў беларускай улады нібыта няма імпэту нават на сярэднія рэформы ў культурнай сферы, яна не ведае, дзеля чаго гэта рабіць. Каб стала лепей? Уладу, лічыць Мажэйка, прагрэс наўрад ці хвалюе, яны лічаць, што і цяпер усё файна.

Ён заўважае яшчэ адну праблему сённяшняй беларускай культуры: «Ставіцца знак роўнасці паміж сферай культуры і дзяржаўнымі ўстановамі сферы культуры. На тое, што адбываецца ў незалежным культурным сектары, дзяржава глядзіць з заплюшчанымі вачыма, па гэтых установах нават не збіраецца статыстыка».

Дырэктарка «ЕўраБеларусі» і кансультантка Беларускай Рады культуры Таццяна Пашавалава расказала пра ключавыя суб’екты беларускай незалежнай культуры. Яна аналізавала шлях культуры з падзей 2020-га да цяперашняга часу і падкрэсліла, што за гэты складаны перыяд культура мае не толькі страты (што відавочна), але і здабыткі. 

Да апошніх Пашавалава адносіць творчы ўздым 2020-га і салідарызацыю культурных дзеячаў таго часу, якая дагэтуль захавала пэўную актуальнасць. Усё гэта спрыяла падвышэнню статусу і ролі беларускай культуры за мяжой і ўнутры краіны. З іншага боку, праз рэпрэсіі незалежная культура ўнутры Беларусі шмат у чым была выведзеная з легальнага поля, то-бок аказалася па-за законам. Сфера зазнала адток кадраў, беспрацоўе і эміграцыю. Развіццё беларускай культуры сёння шмат у чым магчымае толькі за мяжой, яна ператвараецца ў трансгранічную. 

Таццяна адзначыла яшчэ адзін здабытак — тое, што ў 2020-м грамадства прысвоіла сабе пэўныя дамінанты беларускай незалежнай культуры. Прыклад — бел-чырвона-белы сцяг.

Але, паводле Пашавалавай, незалежным культурным дзеячам яшчэ і шмат чаго не стае. У прыватнасці, падчас азначанага даследавання яны казалі пра неабходнасць зладзіць арганізацыю, якая б стварыла і падтрымлівала сетку распаўсюду беларускіх кніг. Сярод іншых пажаданняў было заснаванне спецыялізаваных культурных медыя, стварэнне прома-груп і прадзюсарскіх цэнтраў для беларускіх выканаўцаў, у тым ліку маладых, і г.д. Але галоўнае — пляцоўкі, дзе дзеячы культуры маглі б прадстаўляць сябе і свае праекты, знаходзіць партнёраў, фонды і донараў.

Менеджарка праектаў Беларускай рады культуры Кацярына Раманчык дадала, што беларускай культуры не хапае адаптаваных адукацыйных праграм, арыентаваных на спецыфіку мастацтва, культуры і кіравання ў гэтай сферы. Таксама, кажа Раманчык, практычна не прадстаўленыя праграмы нефармальнай адукацыі, скіраваныя на беларускіх культурных менеджараў і культурных ці арт-актывістаў.

Беларускія календары на 2024 год: фантастычны выбар як унутры Беларусі, так і за мяжой

Святлана Курс: Пакуль леў ці конь жывыя, іх будуць лупіць з усіх бакоў

Латушка: Калі быў міністрам культуры, хацеў зняць фільм «Каласы пад сярпом тваім». Ідэю адхіліў Макей

Вера Белацаркоўская