Беларуска, якая перажыла востры псіхоз і дзве спробы самагубства, запусціла праект дапамогі людзям з ментальнымі праблемамі

Заснавальніца ініцыятывы «Кукуха стамілася» падзялілася сваёй асабістай гісторыяй.

29.11.2023 / 19:43

Віка пачала дапамагаць людзям з псіхалагічнымі праблемамі пасля таго, як у яе самой здарыўся востры псіхоз. Фота: інстаграм дзяўчыны

«У 2022 годзе ў мяне здарыўся востры псіхоз. Я раздзелася дагала, бегала па вуліцах Тбілісі і крычала абы-што», — пачынае аповед Віка. Сёння дзяўчына гаворыць пра гэта спакойна і нават будзённа, але смеласць расказаць пра сваю хваробу адкрыта прыйшла да яе нядаўна.

Зрыў здарыўся раптоўна — на «званочкі», якія маглі сігналізаваць пра бяду, дзяўчына не звяртала ўвагі, а прыгнечаны стан спісвала на стрэс ад пераезду і разводу.

«Я пайшла ў загул, ужывала шмат алкаголю, мала спала і амаль не адпачывала. Напэўна, штодзённае жыццё ў такім фармаце і прывяло да эмацыйнага выбуху».

«У той дзень я проста страціла сувязь з рэальнасцю: мне здавалася, што каля мяне выбухаюць атамныя бомбы, што я ў гарэме ў Пуціна і што мяне будуць гвалтаваць. Мне было страшна. Потым нехта выклікаў хуткую і мяне забралі», — так дзяўчына апынулася ў псіхіятрычнай лякарні ў першы раз.

У бальніцы Віку пазбавілі свабоды і магчымасці быць сярод людзей. Падчас вострых прыступаў дзяўчыну прывязвалі да ложка. У такіх умовах яна правяла месяц. Аднак, нягледзячы на цяжкасці, лячэнне было своечасовым: «Я ўдзячная людзям з вуліцы, якія выклікалі хуткую дапамогу. Калі б мяне не шпіталізавалі, хаця гэта і было прымусова, я б магла страціць сувязь з рэальнасцю назаўжды».

Хвароба падзяліла жыццё дзяўчыны на «да» і «пасля».

«Пасля псіхозу я ўвогуле не магла гаварыць пра свой стан. Людзі пыталіся: «Ну як ты?». Я адказвала: «Добра». І далей усё — дыялог не ішоў. Я на паўгода закрылася ў сабе і ні з кім не падтрымлівала сувязі».

Але трэба было жыць далей. Дзяўчына сабралася з сіламі і напісала пост у інстаграме, дзе расказала пра тое, што з ёй адбываецца. Адкрытая публікацыя сабрала шмат лайкаў і каментароў падтрымкі — стала зразумела, што размовы пра захворванні могуць быць карысныя не толькі ёй, але і людзям, якія ніколі не сутыкаліся з ментальнымі цяжкасцямі.

Спроба самагубства і рэакцыя сяброў

Праз некалькі месяцаў, падчас вандроўкі ў Германію, Віка апынулася ў псіхіятрычнай клініцы другі раз. «Я прымала таблеткі, якія мне прызначылі ў Грузіі, але аказалася, што схема лячэння мне не пасавала. Лекі дзейнічалі на мяне пераважна так: я спала, не размаўляла, замкнулася ў сабе і не разумела, як жыць далей», — распавядае дзяўчына.

У яе пачалася дэпрэсія і з'явіліся думкі пра суіцыд. Дзяўчыну выратавалі людзі.

У Польшчы спроба суіцыду паўтарылася. У той вечар своечасова патэлефанавала мама — у размове Віка прызналася ў тым, што адбылося. Дзяўчыну зноў забралі ў бальніцу — гэтым разам на чатыры месяцы.

«Людзі з ментальнымі праблемамі могуць вельмі добра іх хаваць, і калі хвароба выкрываецца, гэта аказваецца шокам для навакольных», — кажа Віка. Даведаўшыся пра спробу самагубства, блізкія былі ашаломленыя навіной: яны не маглі зразумець, як жыццярадасная і адкрытая дзяўчына магла наважыцца на такі крок.

Рэакцыя сяброў на гэтыя выпадкі была рознай. «Адны казалі, што ім страшна, што я магу зрабіць гэта яшчэ раз. Некаторыя не хацелі са мной далей размаўляць, але я не ведаю чаму — гэта ўсё ж хвароба і ты не заўсёды можаш яе кантраляваць».

Фота: інстаграм праекта

Мама і брат дзяўчыны таксама цяжка перажываюць здарэнні, але з усіх сіл спрабуюць яе падтрымліваць. Зрэшты, часам у іх здараюцца перагібы: «Пасля спроб самагубства ў многіх прапаў нейкі давер. Каб яго вярнуць, сваякі хочуць мяне кантраляваць». Але Віка не злуецца. Яна адзначае, што блізкім хворых таксама патрэбна дапамога, бо многія часта забываюць пра сябе, цалкам растварыўшыся ў клопаце пра любімага чалавека:

«Сваякам трэба праходзіць тэрапію. Асабліва тым, хто блізка кантактуе з хворым. Бо адбываецца шмат праекцый, з якімі таксама трэба працаваць».

Як нарадзіўся праект «Кукуха стамілася» 

Праект «Кукуха стамілася» стаў магчымасцю растлумачыць сябрам і сваякам людзей з эмацыйнымі складанасцямі, што адбываецца з іх блізкімі, а самім хворым — як камфортна існаваць з разладам.

«Наша ініцыятыва дапамагае зняць стыгму хваробы і расказвае, што ад ментальна хворых людзей таксама можна шмат чаму навучыцца — як мінімум яны могуць дапамагчы паглядзець на звыклыя рэчы пад іншым вуглом».

Віка запускала праект адна: яна брала інтэрв'ю ў людзей, якія перажылі рэлевантны досвед, і размяшчала іх гісторыі ў інстаграме. Акаўнт пачаў расці. Праз паўгода дзяўчыне ўдалося знайсці падтрымку. Цяпер праекту дапамагаюць Гётэ-інстытут, SocialCamp і Еўрасаюз, а сама задумка выйшла па-за рамкі сацсетак. Неўзабаве адкрыецца анлайн-выстава работ, напісаных разам са штучным інтэлектам:

«Нашы падпісчыкі адказвалі на пытанні «Што такое шызафрэнія?», «Што такое псіхоз?» і іншыя. Штучны інтэлект апрацаваў гэтыя тэзісы і зрабіў карціны, якія можна паглядзець у анлайн-галерэі».

Асабісты досвед і праца над праектам змянілі дзяўчыну: «Да хваробы я выкарыстоўвала ў сваім лексіконе так званы хэйт-спітч: «дэбіл», «аўтыст», «шызафрэнік». Я не задумвалася, што гэта набор момантаў, злучаных з рэальнымі праблемамі. Раней я думала, што хваробы бываюць толькі фізічныя, а пра тое, што яны могуць быць душэўнымі, нават не задумвалася».

Фота: інстаграм праекта

Сёння Вікторыя працягвае лячэнне і ўважліва сочыць за сваім станам: «Я стала займацца ёгай, хаця раней толькі думала пра гэта, але не рабіла. Я стараюся палюбіць сябе — выявілася, што гэта таксама складаны шлях. Мне трэба «чэкаць» сябе на рэальнасць таго, што адбываецца, і я гэтым займаюся: спрабую добра спаць, займаюся целам і ўлюбёнай працай. І, падаецца, збольшага гэта ўдаецца».

Чытайце таксама:

«Біпалярачка» — гэта не модна і не рамантычна». Беларуска расказала, як жыць з біпалярным афектыўным разладам

Што бывае, калі бясконца спачуваць і не думаць пра сябе

Ці карысныя для сэрца моцная кава і гарбата

Кацярына Гардзеева