«Улады так спадзяваліся на «перазагрузку» з Варшавай пасля выбараў, але выглядае, што дарэмна»

Радаслаў Сікорскі можа стаць новым міністрам замежных спраў Польшчы. На магчымае прызначэнне Сікорскага на пасаду міністра звяртае ўвагу журналіст «Радыё Свабода» Дзмітрый Гурневіч.

26.11.2023 / 11:22

Радаслаў Сікорскі і Эн Эплбаўм

 «Хунта ў Менску сурочыла. Так спадзяваліся на «перазагрузку» з Варшавай пасля выбараў, але выглядае, што дарэмна.

Польскія СМІ з упэўненасцю на 100% пішуць, што новым міністрам замежных спраў гэтай краіны стане чалавек, якога Лукашэнка ненавідзіць усім сэрцам (і тут узаемна, дарэчы).

Польскае МЗС мае ўзначаліць палітык, карані якога ў Беларусі. Гэта нашчадак стаўпецкай шляхты Радаслаў Сікорскі (з роду Пашкевічаў).

Ён ужо ўзначальваў МЗС Польшчы раней, сустракаўся з Лукашэнкам і казаў пасля, што той скончыць, як Мілошавіч або Караджыч.

Да ўсяго, ён муж Эн Эплбаўм, адной з самых уплывовых публіцыстак свету, якая паходзіць з кобрынскіх габрэяў і шмат піша пра Беларусь, выдатна разумеючы ўсе нюансы сітуацыі. І калі б вырашаў я, то прызначыў бы міністаркай менавіта яе», — піша Гурневіч.

Апошнія тыдні Аляксандр Лукашэнка крыху скарэктаваў сваю рыторыку ў адносінах да краін Захаду. На пачатку лістапада ён заявіў, што ўпэўнены ў аднаўленні адносін з Літвой і Польшчай.

Nashaniva.com