«Нас на*балі і вас на*буць». Жонкі мабілізаваных РФ апублікавалі жорсткую петыцыю. Але ёсць нюанс

Жонкі і сваякі мабілізаваных расейцаў апублікавалі маніфест і петыцыю супраць мабілізацыі. Яны дамагаюцца вяртання сваіх блізкіх з фронта, але выступаюць яны не супраць СВА, а толькі супраць бестэрміновай мабілізацыі. Тэкст звароту апублікаваны тэлеграм-каналам «Шлях дадому».

27.11.2023 / 17:59

Мабілізаваныя расіяне. Фота: AP

У маніфесце жонкі і сваякі мабілізаваных звяртаюцца да расейцаў з «маленнем пра дапамогу».

«Нас на*балі і вас на*буць. Бо ўвесь гэты час нам толькі паказвалі лянівую стабільнасць, надзейнасць, бяспеку. Мы памятаем, як прэзідэнт абяцаў, што рэзервістаў не заклічуць, што задачы на СВА выконваюць толькі прафесійныя добраахвотнікі. А потым нашых каханых забралі ва Украіну.

Абяцанні па факце апынуліся пустышкай. Многія не вернуцца ніколі. Мабілізацыя аказалася страшнай памылкай. Нас пакаралі за нашую законапаслухмянасць. За шырму стабільнасці для большасці нашы мужчыны плацяць крывёй, а мы — здароўем і слязамі», — гаворыцца ў маніфесце.

Аўтары тэкста адзначылі, што «ў будучыні ніхто не абаронены ад іх долі». Яны назвалі сітуацыю ў краіне абсурднай і раскрытыкавалі Уладзіміра Пуціна. 

«2024-ы прэзідэнт абʼявіў годам сямʼі. Іранічна, улічваючы, што жонкі выюць без мужоў, дзеці растуць без бацькоў, а многія ўжо засталіся сіротамі. А сатаніст-людаед, які здзейсніў рэцыдыў пасля першага зняволення, выходзіць на волю праз паўгода, адкупіўшы серыйныя забойствы на СВА. Ёсць усё ж пачуццё гумару ў нашага прэзідэнта! 

Мабыць, нашу з вамі Радзіму вызваляюць для самых вяршкоў грамадства: маньякаў, алкашоў, мігрантаў, надмерна багатых чыноўнікаў і іх дзетачак (чаму яны не ў акопах, дарэчы?)», — гаворыцца ў маніфесце. 

«Шлях дадому» заклікаў падпісаць петыцыю за вяртанне мабілізаваных і ўсталяванне ліміта на тэрмін службы. Аўтары тэкста адзначаюць, што іх «не цікавіць разгойдванне лодкі і дэстабілізацыя палітычнага становішча» у краіне.

Nashaniva.com