«Ёсць новыя абставіны». МУС Літвы прапануе вярнуцца да пытання ўніфікацыі санкцый у адносінах да беларусаў і расейцаў
Паколькі Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы бачыць пагрозы, якія зыходзяць ад Беларусі, міністр унутраных спраў Агнэ Білатайце прапаноўвае вярнуцца да абмеркавання ўніфікацыі санкцый супраць расейцаў і беларусаў.
28.11.2023 / 13:29
Міністарка ўнутраных спраў Агнэ Білатайце на сустрэчы з камандай Святланы Ціханоўскай, 5 красавіка. Фота: офіс Ціханоўскай
«Лічу, што варта вярнуцца да гэтых дыскусій і яшчэ раз пагаварыць з парламентарыямі, таму што ёсць новыя абставіны, якія неабходна ацаніць», — сказала Білатайце на прэс-канферэнцыі, перадае Delfi.
«Гэтыя дыскусіі працягваюцца, асабліва пасля таго, як Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі публічна прадставіў грамадскасці свае аргументы, паказваючы рэальныя пагрозы», — сказала яна.
Білатайце сцвярджае, што Міністэрства ўнутраных спраў і раней падтрымлівала прымяненне гэтых мер.
Увесну Сейм увёў нацыянальныя санкцыі супраць грамадзян Расеі і Беларусі. Законапраект аб абмежавальных мерах з-за ваеннай агрэсіі супраць Украіны зрабіў больш жорсткім парадак прадастаўлення пастаяннага або часовага дазволу на жыхарства, выдачы віз для грамадзян Расіі, забараніў ім перамяшчэнне праз знешнюю мяжу Еўрапейскага саюза, а таксама ўвёў абмежаванні на набыццё маёмасці.
Прэзідэнт Гітанас Наўседа наклаў вета на гэты закон. Ён казаў, што парламент павінен заняць адзіную пазіцыю і ўніфікаваць абмежаванні як да расейцаў, так і да беларусаў.
Аднак Сейм, у тым ліку праз лабісцкую дзейнасць беларускай апазіцыі, адхіліў вета Наўседы.
Цяпер гэта пытанне паўстае зноў.
Чытайце таксама:
Беларусаў, якіх літоўцы прызналі пагрозай нацыянальнай бяспецы, ужо 1644
Літва павялічыць колькасць памежнікаў з-за пагроз з боку Беларусі
Літва паведаміла пра затрыманне некалькіх сваіх грамадзян у Беларусі