Джо Байдэн напісаў твіт пра ХАМАС і вайну. Сусветная прэса і сацсеткі гадаюць, што ён меў на ўвазе
Тон гэтай рэплікі моцна адрозніваецца ад афіцыйных заяў Вашынгтона, які падтрымлівае пазіцыю Ізраіля.
29.11.2023 / 08:27
Джо Байдэн. Фота: Susan Walsh / AP
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн некалькі гадзін таму апублікаваў у сацсетцы X (ранейшы Twitter) твіт-разважанне аб матывах ХАМАС і вайне. Фармулёўкі твіта прымусілі сацсеткі і сусветную прэсу гадаць: зрух гэта ў палітыцы ЗША адносна Ізраіля ці, напрыклад, частка перадвыбарнай кампаніі, піша Бі-бі-сі.
Твіт, апублікаваны ў асабістым акаўнце Байдэна, а не ў афіцыйным твітары прэзідэнта ЗША, пачынаецца з заявы, што ХАМАС арганізаваў набег на Ізраіль 7 кастрычніка, бо больш за ўсё баіцца міру паміж ізраільцянамі і палесцінцамі.
«Працягваць ісці шляхам тэрору, гвалту, забойстваў і вайны — гэта значыць даваць ХАМАС тое, чаго ён хоча. Мы не можам гэтага рабіць», — далей абвяшчае запіс Байдэна.
Карэспандэнт Бі-бі-сі Трэйсі Бічам адзначае, што тон гэтай рэплікі моцна адрозніваецца ад афіцыйных заяў Вашынгтона, які падтрымлівае пазіцыю Ізраіля, паводле якой вайну нельга спыняць, пакуль ХАМАС не знішчаны або прынамсі не выгнаны з сектара Газа.
«Незразумела, ці не звяртаўся Байдэн — рыхтуючыся да выбараў у наступным годзе — да той часткі ўнутранай аўдыторыі, якая настроена больш скептычна і крытыкуе яго адміністрацыю за безумоўную падтрымку Ізраіля», — адзначае Бічам.
Карэспандэнт «Аль-Джазіры» ў Вашынгтоне Пэці Кулхейн таксама адзначае, што дагэтуль Байдэн выказваўся пра войну ў Газе зусім у іншым тоне.
«А цяпер, калі насамрэч разабраць гэтую заяву ў сацсетцы — ён кажа: ХАМАС хоча вайны, мы не можам гэтага дапусціць. Ці мае ён на ўвазе, што вайна павінна спыніцца? — разважае карэспандэнт «Аль-Джазіры» і заключае, што заява Байдэна выглядае як сігнал аб зруху ў палітыцы, але ўсё ж выклікае шмат пытанняў.
Чытайце таксама:
Ізраільскі дыпламат: Мір з ХАМАС немагчымы