Politico назваў самых уплывовых людзей свету

Сусветныя СМІ пачынаюць падводзіць вынікі 2023 года. Амерыканскі часопіс Politico зрабіў сваю версію.

29.11.2023 / 09:16

Самым уплывовым чалавекам Еўропы Politico назваў былога польскага прэм'ера і экс-старшыню Еўрапейскай рады Дональда Туска, які ў найбліжэйшы час, хутчэй за ўсё, зноў узначаліць урад Польшчы.

Дональд Туск, лідар Грамадзянскай кааліцыі, імаверна, праз даа тыдні зноў стане прэм'ер-міністрам Польшчы. Фота: AP Photo / Petr David Josek

«На працягу двух дзесяцігоддзяў два чалавекі вялі бітву за душу Польшчы. У сінім куце — барацьба за дэмакратычнае, сучаснае, еўрапейскае бачанне будучыні: Дональд Туск, былы прэм'ер-міністр, які займаў пасаду прэзідэнта Еўрарады, перш чым вярнуцца ў якасці лідара цэнтрысцкай апазіцыі; у чырвоным куце — барацьба за традыцыяналістаў, каталіцкіх кансерватараў, нацыяналістаў: Яраслаў Качыньскі, лідар кіруючай партыі «Закон і справядлівасць» (PiS). У кожнага чалавека быў шанец сфармаваць Польшчу па сваім вобразе і падабенстве толькі для таго, каб той ці іншы павярнуў час назад. Цяпер, пасля васьмі гадоў кіравання Качыньскага, краіна стаіць на парозе новай эры Туска, і вецер пераменаў зноў дзьме», — гаворыцца ў тлумачэнні Politico.

«Дзеячам года» журналісты назвалі прэм'ера Італіі Джорджу Мелоні.

Уладзімір Зяленскі і Джорджа Мелоні. Фота: Johanna Geron / AP

«Прыход Джорджы Мелоні на пасаду прэм'ер-міністра Італіі ў мінулым годзе выклікаў дрыжыкі ў хрыбетніках цэнтрыстаў па ўсім кантыненце і па-за яго межамі. Брусэль рыхтаваўся да таго, што сябра постфашысцкай партыі атрымае месца (і права голасу) за галоўнымі сталамі, папоўніўшы шэрагі «праблемных дзяцей» ЕС. Кіеў рыхтаваўся да таго, што Італія выйдзе з групы і паспрабуе змякчыць падтрымку Украіны і адмяніць санкцыі супраць Расіі. Але праз год пасля таго, як Мелоні стала лідарам трэцяй па велічыні эканомікі ЕС, яна змяніла чаканні — і стварыла значны (хоць і асцярожны) фан-клуб», — канстатуе Politico.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заняў першае месца ў катэгорыі «Летуценнікі».

«Уінстан Чэрчыль. Марцін Лютар Кінг, Нэльсан Мандэла. Час ад часу з'яўляецца лідар і ў адзіночку мяняе ход гісторыі, не дзякуючы моцы сваёй арміі або моцы сваёй эканомікі, а дзякуючы сіле сваіх слоў. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі з'яўляецца такім лідарам», — канстатуе выданне.

Аляксей Навальны вярнуўся ў Расію 17 студзеня 2021 года і быў агулам асуджаны на 19 гадоў. Фота: Contributor / Getty Images

Аляксей Навальны заняў у катэгорыі «Летуценнікі» другое месца. Politico назваў яго «расійскім Нэльсанам Мандэлай».

«Нягледзячы на ўсе намаганні прэзідэнта Уладзіміра Пуціна атруціць і ізаляваць Навальнага, апазіцыянер працягвае натхняць іншадумства, прыцягваючы ўвагу да жорсткага абыходжання дыктатара са сваімі ворагамі».

Андрэй Ярмак. Фота: УНІАН

У спісе Politico — катэгорыя «Дзеячы» — таксама трапілі кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен (яе Politico назваў «каралевай»), прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон (яго Politico жартаўліва назваў «Ману вызвалены» па асацыяцыі з фільмам Таранціна), кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак (Зялёны кардынал Кіева), прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган (пасярэднік), французскі палітык Марын Лё Пэн (рэбрэндынг).

З поўным спісам і тлумачэннямі можна азнаёміцца тут.

Nashaniva.com