Распачалі крымінальную справу супраць заснавальніцы «Саюза маці Беларусі» і яе мужа

Баранавіцкая пракуратура распачала крымінальныя справы па фактах стварэння і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем, публічнай абразы Лукашэнкі і паклёпу на яго, а таксама садзейнічання экстрэмісцкай дзейнасці, піша «Вясна».

29.11.2023 / 09:43

Згодна з матэрыяламі справы, 60-гадовая заснавальніца «Саюза маці Беларусі» стварыла і кіравала «экстрэмісцкім фармаваннем». На адным з рэсурсаў яна размясціла відэазапіс, «у якім утрымліваўся паклёп у дачыненні да Лукашэнкі, у тым ліку абвінавачванні ў здзяйсненні цяжкага злачынства».

Імёны гэтых людзей не называюцца.

Паведамляецца, што муж падазраванай даў інтэрв'ю для «экстрэмісцкага фармавання» і ў сацсетках размясціў абразы на адрас Лукашэнкі.

Сужэнцы знаходзяцца за мяжой.

КДБ прызнаў «Саюз маці Беларусі» «экстрэмісцкім фармаваннем» 29 верасня.

Ведамства таксама назвала імёны людзей, якія, як мяркуецца, звязаныя з арганізацыяй: Святлана Анцілеўская, Вольга Здановіч, Таісія Якавенка (Ліфанава), Наталля Алесінская, Таццяна Тарпанава (Васільцова).

Nashaniva.com