Берасцеец знайшоў у лесе гранату. І інвалідам стаў, і судзімасць атрымаў

47-гадовы мужчына не меў пастаяннага месца працы і займаўся пошукам і здачай металалому. У лесе ён знайшоў часткі боепрыпасаў і выбуховых прылад, у тым ліку процітанкавыя гранаты.

02.12.2023 / 15:08

Граната. Ілюстрацыйнае фота «Украінская праўда»

Адну з гранат у двары свайго дома паспрабаваў распілаваць, паведамляе Генпракуратура.

Адбыўся выбух, і мужчына атрымаў цяжкія траўмы.

Пры аглядзе месца здарэння ў ягоным двары знайшлі вялікі арсенал з дзясяткаў складовых частак выбуховых прылад і боепрыпасаў.

Нядаўна суд Маскоўскага раёна Брэста вынес абвінаваўчы прысуд.

На падставе ч. 2 арт.295, ч. 2 арт. 77 КК з улікам атрыманай у выніку выбуху інваліднасці I групы прызначана наступнае пакаранне: пазбаўленне волі на адзін год без штрафу з адтэрміноўкай на два гады.

Праўда, прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

Nashaniva.com