«Мінсктранс» пракаментаваў задымленне МАЗа ў Мінску — «узгарання не было»

На вул. Куйбышава ў аўтобусе 24-га маршруту памылкова спрацавала сістэма пажаратушэння, паведаміла карэспандэнту «Мінск-Навіны» прэс-сакратар дзяржпрадпрыемства «Мінсктранс» Алена Грамыка.

03.12.2023 / 11:29

Аўтобус «МАЗ 215» рухаўся па вул. Куйбышава, калі спрацавала сістэма пажаратушэння ў адсеку падагравальніка вадкасці рухавіка. Кіроўца высадзіў пасажыраў, каб гарантаваць іх бяспеку, пакуль не стане зразумела, што ж здарылася, распавяла Грамыка.

Паводле яе, узгарання не было — адбылося памылковае спрацоўванне сістэмы. Яна парашковая, таму з боку відавочцам магло падацца, што аўтобус дыміцца. Ён сваім ходам адправіўся ў парк для агляду, дадае выданне.

Здарэнне адбылося ў Мінску 1 снежня, але каментар «Мінсктранс» даў толькі цяпер, калі відэа завірусілася ў сацсетках. 

Nashaniva.com