Ва Украіне расследуюць забойства расейцамі бяззбройных байцоў УСУ, што здаваліся ў палон
Офіс генпракурора Украіны паведаміў аб пачатку расследавання пасля апублікавання відэа, на якім расейскія вайскоўцы расстрэльваюць байцоў УСУ, што здаваліся ў палон. Учора ў сеціве зʼявілася відэа растрэлу, верагодна, каля сяла Сцяпнога Данецкай вобласці.
03.12.2023 / 12:05
Скрын відэа
Праект Deep State, які адсочвае ход баявых дзеянняў ва Украіне, 2 снежня апублікаваў відэа з дрона, на якім, як сцвярджаецца, расейцы застрэлілі ўкраінскіх вайскоўцаў, якія здаліся ў палон праз недахоп боекамплекту.
На відэа бачна, як група асоб у расейскай форме ва ўпор расстрэльвае двух бяззбройных вайскоўцаў у форме УСУ, што выходзілі з бліндажа з паднятымі рукамі.
Офіс генпракурора Украіны нагадвае, што забойства ваеннапалонных зʼяўляецца грубым парушэннем Жэнеўскіх канвенцый і кваліфікуецца як цяжкае міжнароднае злачынства.