Памёр Алесь Мацулевіч

2 снежня ў Лідзе памёр паэт і журналіст, кіраўнік літаб’яднання «Суквецце» Алесь Мацулевіч. Яму было 42 гады. 

04.12.2023 / 13:45

Як піша «Наша слова», тыдзень таму ў Алеся здарыўся інфаркт. Пасля двух дзён у рэанімацыі яго перавялі ў кардыялогію, ён нават паведамляў усім знаёмым, што ідзе на папраўку.

Але сёння прыйшла сумная навіна.

Алесь Мацулевіч нарадзіўся 19 студзеня 1981 года ў Лідзе. Скончыў Лідскае педагагічнае вучылішча ў 2000 годзе, Берасцейскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна (філалагічны факультэт).

Журналісцкую працу пачаў у незалежнай газеце «Тэлескоп». Пасля закрыцця «Тэлескопа» перайшоў у дзяржаўную «Лідскую газету». Увесь час супрацоўнічаў з газетамі «Наша слова» і «Наша слова.pdf».

У 2023 годзе Алесь падрыхтаваў да друку сваю трэцюю кнігу «Бронзавы Гедымін». Кніга звярстана і была адпраўлена аўтару для апошняй вычыткі. На жаль, вычытаць кнігу ён ужо не паспеў.

Nashaniva.com