Ціханоўская выступіла ў Ельскім універсітэце

Святлана Ціханоўская 4 снежня выступіла ў Ельскім універсітэце з дакладам «Беларусь, Украіна і будучыня Еўропы».

05.12.2023 / 09:57

 Усе фота: Офіс Ціханоўскай

Ціханоўская таксама правяла гутарку з мясцовымі студэнтамі, мадэратарам якой стаў вядомы амерыканскі гісторык Цімаці Снайдар.

«Для мяне было гонарам выступіць у Ельскім універсітэце побач з Цімаці Снайдарам. Мы абмеркавалі гістарычную ролю Беларусі ў рэгіёне, яе еўрапейскія карані і будучыню ў Еўропе. Мне было прыемна бачыць на мерапрыемстве шмат беларусаў і ўкраінцаў. Разам мы пераможам!» — напісала Ціханоўская ў сацсетцы Х.

 

6-7 снежня беларуская лідарка далучыцца да стратэгічнага дыялогу «Беларусь — ЗША», які пройдзе ў Вашынгтоне. У ім таксама прымуць удзел з беларускага боку прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай, Абʼяднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай Рады, праваабарончай арганізацыі «Вясна», цэнтра BEROC, Беларускага прэс-клуба, арганізацыі «ЕўраБеларусь», Рабочага Руху, Асацыяцыі беларусаў у Амерыцы (ABBA), Кіберпартызанаў, а таксама незалежных медыя.

Падчас стратэгічнага дыялогу будуць абмяркоўвацца пытанні правоў чалавека і шляхі вызвалення палітзняволеных, развіццё прыватнага сектара Беларусі, а таксама пагрозы суверэнітэту нашай краіны з боку Расіі. Асобным пунктам перамоваў значыцца абмеркаванне візавай і міграцыйнай праблематыкі для беларусаў.

Святлана Ціханоўская назвала стратэгічны дыялог у Вашынгтоне «новым узроўнем супрацоўніцтва паміж дэмакратычнымі сіламі і ЗША».

Nashaniva.com