Пуцін заявіў, што Масква будзе рэагаваць на праявы русафобіі за мяжой
Расійскі кіраўнік, у прыватнасці, перасцярог кіраўніцтва Латвіі.
05.12.2023 / 10:08
Уладзімір Пуцін. Фота: Contributor / Getty Images
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што сумесна з Саветам па правах чалавека, Міністэрствам замежных спраў і ўрадам Расіі будуць распрацаваны сістэмныя меры і прынята рашэнне аб тым, як рэагаваць на выпадкі нібыта праявы русафобіі і дыскрымінацыі расійскіх грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой, піша «Спутнік».
Учора адбылася сустрэча расійскага лідара з членамі Савета па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека.
«Безумоўна, тут патрэбныя нейкія сістэмныя меры…. Давайце разам з вамі, з Саветам правоў чалавека, разам з Міністэрствам замежных спраў, з урадам Расіі падумаем, як рэагаваць на тое, што адбываецца», — падкрэсліў кіраўнік РФ.
Паводле яго слоў, будуць сфармуляваныя падыходы да гэтых працэсаў.
«Не думаю, што шчасце прыйдзе ў дом да тых, хто праводзіць такую (русафобскую) палітыку», — сказаў Пуцін.
У прыватнасці, ён прайшоўся па кіраўніцтве Латвіі.
«Я не ведаю, колькі цяпер, але калісьці ў Латвіі было 40% рускамоўнага насельніцтва. Напэўна і цяпер нямала. Калі яны будуць праводзіць такую палітыку ў дачыненні да людзей, якія хацелі жыць у гэтай краіне, працуюць там, стваралі нейкія выгоды для гэтай краіны, і з імі будуць так па-свінску абыходзіцца, то яны самі з такім свінствам у адказ і сутыкнуцца — унутры сваёй краіны», — сказаў Пуцін.