Сёлетні лістапад быў цяплейшы за норму — Белгідрамет

У лістападзе ў Беларусі сярэдняя тэмпература паветра склала 1,9 градуса цяпла, што на 0,3 градуса вышэй за кліматычную норму. Максімальная тэмпература лістапада склала 16,7 градуса цяпла — яна была зафіксавана 1 лістапада ў Гомелі, паведамілі ў Белгідраметцэнтры.

05.12.2023 / 23:26

За перавышэнне нормы адказная першая дэкада месяца, калі нармальная сярэдняя тэмпература была перавышаная на 4°C. Другая дэкада адпавядала норме, а апошняя — была ніжэйшая за норму на 3 градусы.

Мінімальныя значэнні назіраліся на метэастанцыі ў Клічаве 28 і 29 лістапада — 14,7 градуса марозу.

Колькасць ападкаў таксама перавысіла нармальны ўзровень — на 87%. Па вільготнасці лістапад 2023 года заняў трэцяе месца сярод гэтых месяцаў з 1945-га.

На 10 станцыях на цэнтральнай і ўсходняй тэрыторыях былі абноўленыя гістарычныя максімумы па ападках за месяц. У канцы лістапада снежнае покрыва дасягала 39 см — на станцыі ў Езярышчы. Снег ляжаў амаль па ўсёй краіне, толькі на станцыі Гродна снежнае покрыва адсутнічала.

Чытайце таксама:

Антыцыклон прынясе ў Беларусь пятнаццаціградусны мароз

«Калі варона голас падае — да адлігі». Што такое Піліпаўскі пост і што падчас яго рабіць

У Брэсце адкрылі «ўнікальную» коўзанку, але яна расчаравала

Nashaniva.com