Наколькі беларусы падтрымліваюць Расію ў вайне з Украінай — свежае апытанне

Адносіны беларусаў да вайны і знешняй палітыкі сталі тэмай новага апытання Chatham House (Каралеўскага інстытута міжнародных адносін).

06.12.2023 / 17:15

Апытанне грамадскай думкі праводзілі з 8 да 14 лістапада 2023 года. Замест паўнавартаснага анкетавання даследчыкі арганізавалі інтэрнэт-інтэрв'ю. Выбарка была абмежаваная не толькі гарадскім насельніцтвам, але і звужана да карыстальнікаў інтэрнэту. У апытанні ўзялі ўдзел 868 рэспандэнтаў.

Падобныя апытанні праводзяцца рэгулярна з чэрвеня 2022 года. І як можна заўважыць пры параўнанні вынікаў, за апошнія паўтара года адбылася неістотная дынаміка ў стаўленні беларусаў да ваенных дзеянняў расійскіх войскаў ва Украіне.

Калі ў чэрвені 2022 года колькасць тых, хто ў той ці іншай ступені падтрымліваў Расію складала 33%, то ў лістападзе — 36%. Розніца ў 3 % сувымерная з заяўленай даследчыкамі хібнасцю ў 3,3%. Колькасць тых, хто адназначна не падтрымлівае ці хутчэй не падтрымлівае дзеянняў расійскіх войскаў на тэрыторыі Украіны за гэты час зменшылася з 43% да 38%.

У той жа час у лістападзе 2023 года адназначна Расію падтрымліваў кожны пяты беларус, а ў чэрвені 2022 года — толькі кожны сёмы. Адназначна негатыўнае стаўленне да дзеянняў расійскіх войскаў летам мінулага года выказваў кожны трэці беларус, а вось у лістападзе гэтага года толькі кожны чацвёрты.

За паўтара года вырасла і колькасць тых, хто не можа агучыць сваё меркавання.

Такім чынам, захоўваецца відавочны ўстойлівы падзел беларускага грамадства на прыхільнікаў і праціўнікаў Расіі ў вайне.

Чытайце яшчэ:

Новае даследаванне паказала, што большасць беларускай моладзі выступае або за нейтралітэт, або за ўступленне ў НАТА

Новае апытанне паказала, колькі беларусаў падтрымлівае вайну і размяшчэнне ядзернай зброі

Сацыёлагі далі свежыя звесткі, каму беларусы давяраюць і ці гатовыя жыць без Расіі

Антось Жупран