Прэміяй Буша — Тэтчар узнагародзілі двух беларускіх палітвязняў і Ціханоўскую

Атрымліваючы прэмію ў Вашынгтоне, беларуская лідарка адзначыла, што прысвячае прэмію тым, у каго аднялі свабоду.

07.12.2023 / 11:00

Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская і два палітзняволеныя лідэры дзвюх партый краіны атрымалі прэмію імя прэзідэнта ЗША Джорджа Буша-старэйшага і прэм’ер-міністаркі Вялікай Брытаніі Маргарэт Тэтчэр «За свабоду» Міжнароднага дэмакратычнага саюзу (IDU).

Аб прысуджэнні траім беларусам прэстыжнай прэміі паведаміў Радыё Свабода галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Правацэнтрысцкія партыі Беларускі народны фронт (БНФ) і Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП), якія да свайго турэмнага зняволення ачольвалі Рыгор Кастусёў і Мікалай Казлоў адпаведна, уваходзяць у Міжнародны дэмакратычны саюз.

Атрымліваючы прэмію ў Вашынгтоне, Ціханоўская адзначыла, што прысвячае прэмію тым, у каго аднялі свабоду: беларускім палітвязням, у тым ліку Алесю Бяляцкаму, Марыі Калеснікавай, Мікалаю Статкевічу, Арцёму Лябедзьку. Яна дадала, што ўзнагарода паказвае беларускім палітвязням, што аб іх памятаюць.

Палітык падкрэсліла, што на беларусаў «палююць за іх палітычныя погляды, любоў да сваёй краіны, любоў да дэмакратыі і свабоды», адзначыўшы, што гэта адбываецца ў цэнтры Еўропы і гэта жудасна.

Узнагароду Буша — Тэтчар «За свабоду» ўручаюць за асаблівы ўнёсак у прасоўванне каштоўнасцяў дэмакратыі і правоў чалавека.

Мікалай Казлоў за кратамі з 27 ліпеня 2022 года. У лютым 2023 года яго асудзілі на 2,5 года турмы. Рыгор Кастусёў быў затрыманы 12 красавіка 2021 года, ён адбывае 10-гадовы турэмны тэрмін, сутыкаючыся з неаказаннем медычнай дапамогі за кратамі (палітык мае анкалагічную хваробу). 

Nashaniva.com