«Баварыя» купіла перспектыўнага гульца зборнай Іспаніі з ростам 164 сантыметры

Гэта першы трансфер зімы.

07.12.2023 / 12:00

Браян Сарагоса (№ 10) абводзіць Скота Мак-Томінэя ў матчы зборных Іспаніі і Шатландыі. Фота: інстаграм Браяна Сарагосы.

Гулец «Гранады» Браян Сарагоса стаў гульцом «Баварыі». Пра пераход з 19-й каманды іспанскай Ла Лігі ў галоўную каманду Нямеччыны ўжо паведамілі афіцыйна, піша Championat.com

Угода будзе аформлена ў гэта зімовае трансфернае акно, але футбаліст застанецца ў іспанскім клубе да канца сезона на правах арэнды і толькі летам адправіцца ў Мюнхен. Кантракт разлічаны да 2028 года. Паводле інфармацыі нямецкіх СМІ, Браян каштаваў «Баварыі» €15 млн.

Галоўны футбольны інсайдар Фабрыцыа Рамана дадае, што на Сарагосу прэтэндаваў яшчэ «РБ Ляйпцыг», які гатовы быў заплаціць €14 млн. Але гэты нямецкі клуб разлічваў на гульца ўжо са студзеня 2024 года, а сам Браян і «Гранада» першапачаткова хацелі, каб ён завяршыў сезон у Іспаніі.

Што трэба ведаць пра Сарагосу?

Яму 22 гады, і ён толькі некалькі месяцаў гуляе на высокім узроўні. Дэбютаваў у Ла Лізе ў жніўні гэтага года і практычна адразу стаў гульцом асноўнага складу. Хоць летась нават у Сегундзе (другі дывізіён) усяго толькі выходзіў на замену ў другіх таймах.

У 14 турах чэмпіянату Іспаніі на яго рахунку 5+2 па сістэме «гол+пас». Гэта выглядала б стандартна для футбаліста з топ-клуба, але не з перадапошняй каманды лігі.

Сарагоса — лідар свайго клуба па выніковых дзеяннях. А яшчэ па чаканых асістах, дакладных ударах, якія прасоўваюць перадачы, і вядзенні мяча. Па ўдалым дрыблінгу (40 абводак) ён увогуле першы сярод футбалістаў усіх 20 каманд Ла Лігі. Праўда, тут трэба ўлічваць траўму бразільца Вінісіўса з «Рэала», у якога набралася 30 абводак.

Звяртае на сябе ўвагу рост Сарагосы. Пры 164 см у яго, натуральна, сціплыя паказчыкі ў плане адзінаборстваў і гульні галавой. Але гэта ад яго і не патрабуецца.

Гуляючы на сваіх моцных якасцях, ён забіў два мячы «Барселоне».

Праўда, у зборнай на яго рахунку толькі адзін матч: адборачная гульня да Еўра-2024 з шатландцамі.

Браян з'явіўся на полі адразу пасля перапынку і адзначыўся тым, што абвёў Скота Мак-Тамінея з «МЮ», а яшчэ прымусіў на сабе сфаліць на жоўтую картку Нэйтана Патэрсана з «Эвертана».

Чытайце таксама:

Ведаеце, хто абганяе «Барселону» ў чэмпіянаце Іспаніі? Заштатны клуб з двума ўкраінцамі ў складзе

Джуд Белінгем атрымаў узнагароду Golden Boy 2023

Nashaniva.com