«Гэта магнітныя міны». Што распавёў беларус, затрыманы ў Расіі па справе тэракта на БАМе
На відэа, распаўсюджаным ФСБ, затрыманы, імя якога не раскрываецца, а твар заблюраны, прызнаецца ў датычнасці да выбухаў на БАМе.
07.12.2023 / 14:36
Ён кажа, што яму напісаў таварыш у тэлеграме, пацікавіўся, ці ездзіць той у Расію і калі паедзе наступны раз, прапанаваў завезці пасылку за ўзнагароджанне. З гэтым чалавекам затрыманы быў знаёмы некалькі гадоў.
«Потым паўсталі пытанні. Я пачаў распытваць, што, чаго, чаму, і ён патлумачыў, што гэта», — гаворыць мужчына на відэа ФСБ.
Паводле яго, суразмоўца яму паведаміў, што гэта магнітныя міны, каб падарваць які-небудзь састаў і спыніць рух на БАМе.
«Я пагадзіўся, даехаў да Северабайкальска, усталяваў прыладу, што выклікала пашкоджанне двух саставаў», — кажа чалавек на відэа.
Сёння ФСБ Расіі паведаміла, што за падрыў цягнікоў на БАМе затрыманы грамадзянін Беларусі, які пражывае ў Літве. Мужчына нібыта дзейнічаў «пад кантролем спецслужбаў Украіны».
Уначы з 29 на 30 лістапада на перагоне Ітыкіт-Акусікан Усходне-Сібірскай чыгункі падчас руху па Паўночнамуйскім тунэлі (яго даўжыня 15 кіламетраў) загарэўся вагон грузавога цягніка, які перавозіў паліва (у тым ліку авіяцыйнае) і каляровыя металы.
Пазней у Паўночнамуйскім тунэлі на Байкала-Амурскай магістралі загарэўся яшчэ адзін састаў з грузам.
Была заведзена крымінальная справа за тэракт.