«Цяпер зрабіць прышчэпку няма магчымасці». У Беларусі — рост захворванняў на адзёр, але ёсць праблемы з вакцынацыяй
Па даных Мінздароўя, за гэты год зарэгістравана 140 выпадкаў заражэння адром. А з лістапада назіраецца ўздым захворвання — ужо зарэгістравана больш за 90 выпадкаў. Медыкі нагадваюць бацькам пра вакцынацыю, аднак чытачы Onliner.by паведамляюць пра перабоі з вакцынамі ў дзіцячых паліклініках.
07.12.2023 / 14:46
Ілюстрацыйнае фота
Што кажуць у Міністэрстве аховы здароўя?
Цяпер адзёр рэгіструюць у Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай абласцях і Мінску. На дзяцей прыпадае 48% выпадкаў заражэння. Такія звесткі ўчора апублікавала Міністэрства аховы здароўя.
Медыкі адзначаюць, што ў зоне рызыкі — непрышчэпленыя. На іх прыпадае 74% выпадкаў захворванняў. А сярод хворых дзяцей гэты паказчык узлятае да 90%. Але трэба зрабіць пазнаку: у статыстыку трапляюць не толькі дзеці, прышчэпку якім вырашылі не рабіць бацькі. Уключаюць і тых, каму яе рабіць няможна праз узрост (маладзейшыя за адзін год).
Як піша Міністэрства аховы здароўя, спецыфічнага лячэння адру няма. Таму вакцынацыя застаецца «самым бяспечным і эфектыўным спосабам абароны» — АПК (камбінаваная вакцына ад адру, паратыту і краснухі) уваходзіць у нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак, і яе робяць бясплатна. Дзяцей прышчапляюць двойчы: у 1 год і 6 гадоў. Лічыцца, што пасля ўвядзення адной дозы больш як у 95% дзяцей фармуецца доўгачасовы імунітэт, пасля другой — амаль у 100%.
«Цяпер зрабіць прышчэпку няма магчымасці»
Пры гэтым чытачы паведамляюць пра перабоі з пастаўкамі вакцыны ў паліклініках і прыватных цэнтрах. У Дар'і двое дзяцей, 2 і 6 гадоў. Старэйшую дачку бацькі прышчапілі па календары вакцынацыі — у год. Малодшае дзіця назіралася ў прыватным цэнтры, дзе раней была даступная комплексная вакцына. Але доўгі час яе няма ў наяўнасці. Тады бацькі вырашылі аформіцца ў паліклініцы па месцы жыхарства і зрабіць бясплатную прышчэпку малодшай дзяўчынцы.
«Прыйшлі навіны ад бацькоў аднакласнікаў, што ў паралельным класе выявілі выпадак захворвання на адзёр. Разумеючы ўсю сур'ёзнасць захворвання, я хацела тэрмінова прышчапіць малодшую. У паліклініцы па месцы прапіскі нас паставілі ў чаргу і паведамілі, што перабоі ў пастаўцы вакцыны доўжыліся больш за паўгода, таму дзяцей у спісе даволі шмат. Прывезеных у лістападзе доз не хопіць. Таму зрабіць прышчэпку цяпер магчымасці няма», — напісала чытачка.
Onliner.by патэлефанаваў у паліклініку, дзе назіраюцца дзеці Дашы, каб даведацца пра наяўнасць вакцыны. Вакцыны цяпер сапраўды няма, але абяцаюць, што перыядычна яна будзе з'яўляцца.
А як у іншых паліклініках?
Onliner.by абтэлефанаваў 12 дзіцячых паліклінік горада. У васьмі з іх вакцына ў наяўнасці ёсць, у адну паступіць сёння. А вось у трох установах прышчапіцца пакуль нельга. У прыватных медцэнтрах сітуацыя складанейшая. Журналісты звярнуліся ў тры — вакцыны няма ў ніводным. Дакладных тэрмінаў паступлення прэпаратаў там не назвалі.