Бразілія сцягвае войскі на мяжу з Венесуэлай
Бразілія заявіла пра намер размясціць дадатковы кантынгент на сваёй мяжы з Венесуэлай, пасля таго, як венесуэльскі лідар Нікалас Мадура абвясціў планы анэксаваць частку тэрыторыі Гаяны, паведамляе Бі-бі-сі.
07.12.2023 / 15:21
Бразільскія салдаты маршыруюць міма прэзідэнцкай трыбуны падчас вайсковага парада, прысвечанага Дню арміі, у сталіцы краіны Бразіліі. 19 красавіка 2023 года. Фота: Eraldo Peres / AP
Багаты нафтай рэгіён Гаяна-Эсэкіба належыць Гаяне, але Венесуэла з канца XIX стагоддзя аспрэчвае правы на яго.
У мінулую нядзелю ўлады Венесуэлы правялі агульнанародны рэферэндум па пытанні далучэння гэтай тэрыторыі. 95% выказаліся «за».
Нягледзячы на такую ўражальную лічбу, у рэферэндуме ўзялі ўдзел усяго блізу двух мільёнаў чалавек, то-бок прыкладна 10% насельніцтва, якое мае права голасу.
Але прэзідэнта Мадуру гэта не бянтэжыць, ён назваў вынікі галасавання безумоўнай перамогай і ў сераду пачаў рэалізацыю плана анэксіі Гаяны-Эсэкіба, прапанаваўшы Нацыянальнай асамблеі краіны прыняць законапраект аб уключэнні гэтай тэрыторыі ў склад Венесуэлы.
Ён таксама распарадзіўся, каб дзяржаўная нафтавая кампанія выдала ліцэнзіі на распрацоўку нафтавых радовішчаў рэгіёна.
Венесуэла паказана жоўтым колерам. Гаяна — чырвоным. Аранжавым колерам пазначаны рэгіён Эсэкіба. Фота: SurinameCentral / Wikimedia Commons
Акрамя таго, з гэтага часу на картах Венесуэлы тэрыторыя Гаяны-Эсэкіба будзе адзначацца як частка краіны. Раней яна адлюстроўвалася заштрыхаванай — гэта азначала, што тэрыторыя спрэчная.
Гаяна прывяла свае войскі ў павышаную гатоўнасць і звярнулася ў Раду бяспекі ААН з просьбай умяшацца ў сітуацыю, якая пагражае дэстабілізацыяй усяго рэгіёна.
Бразільская армія сцягвае дадатковыя войскі і тэхніку да памежнага штата Рарайма.
Тыповы пейзаж Гаяны-Эсэкіба. Фота: Arterra / Marica van der Meer / Universal Images Group via Getty Images
Калі Венесуэла вырашыцца на ваеннае ўварванне ў Гаяну-Эсэкіба, ажыццявіць яго будзе магчыма толькі праз тэрыторыю Бразіліі. У тых раёнах, дзе Венесуэла і Гаяна мяжуюць беспасярэдне, перамяшчэнне войскаў фактычна немагчыма з-за ландшафту мясцовасці.
Бразільскае камандаванне заявіла, што ўзмацняе сваю прысутнасць у рэгіёне, каб гарантаваць неўмяшанне Бразіліі ў канфлікт.
У сераду з радараў знік ваенны верталёт Гаяны, на борце якога знаходзіліся сем чалавек. Інфармацыі пра яго па-ранейшаму няма, аднак кіраўнік Генштаба Амар Хан заявіў, што на дачыненне Венесуэлы да інцыдэнту пакуль нішто не паказвае.
Чытайце таксама:
95% чалавек прагаласавалі на рэферэндуме за ўключэнне дзвюх трацін Гаяны ў склад Венесуэлы
Мадура абвясціў частку Гаяны 24-м штатам Венесуэлы
Нарастае напружанасць між Венесуэлай і Гаянай. Ці магчымая новая вайна?