«Чакаем яснай камунікацыі, што Беларусь не аддадуць як суцяшальны прыз для Пуціна». У Вашынгтоне праходзіць Стратэгічны дыялог дэмакратычных сіл Беларусі з ЗША 

Святлана Ціханоўская гэтымі днямі знаходзіцца з візітам у ЗША для ўдзелу ў Стратэгічным дыялогу дэмакратычных сіл Беларусі з ЗША. У яго рамках абмяркоўваюцца пытанні абароны суверэнітэту, стабільнасці і дэмакратыі ў краіне, падтрымкі палітвязняў і незалежных СМІ, а таксама меры па прыцягненні беларускага рэжыму да адказнасці.

07.12.2023 / 22:15

«Стратэгічны дыялог выводзіць нашае партнёрства з ЗША на новы ўзровень. Мы чакаем, што ў выніку гэтай сустрэчы з’явіцца ясная стратэгія і дарожная карта, а таксама канкрэтныя праекты, якія дапамогуць вярнуць Беларусь да дэмакратыі, вызваліць палітвязняў, захаваць незалежнасць Беларусі

Мы чакаем ад ЗША яснай камунікацыі, што Беларусь не аддадуць як суцяшальны прыз для Пуціна, што Беларусь зможа разлічваць на падтрымку для аднаўлення эканомікі, што Беларусь зможа атрымаць еўрапейскую перспектыву», — адзначыла Ціханоўская перад пачаткам мерапрыемства. 

«Я спадзяюся, што ў выніку Стратэгічнага дыялогу ЗША прызначаць спецыяльнага прадстаўніка для Беларусі, будзе абноўлены Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, мы пачнем актыўнае супрацоўніцтва з тэхналагічнымі кампаніямі, будуць закрытыя лазейкі ў санкцыях, і рэжым Лукашэнкі будзе прыцягнуты да адказнасці», — выказала яна пажаданні ад Стратэгічнага дыялогу.

У рамках Стратэгічнага дыялогу прайшлі тры панэльныя дыскусіі: «Суверэнная, стабільная, дэмакратычная Беларусь», «Правы чалавека і палітычныя зняволеныя», «Механізмы падсправаздачнасці».

Адкрывала мерапрыемства намесніца кіраўніка Дзярждэпартамента ЗША Вікторыя Нуланд. У якасці спікераў з боку ўрада ЗША ў гэтых мерапрыемствах удзельнічалі сярод іншых высокапастаўленыя чыноўнікі з Дзярждэпартамента ЗША і Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці.

Святкана Ціханоўская з Вікторыяй Нуланд

Таксама ў амбасадзе Канады ў Вашынгтоне адбылася дыскусія з удзелам Святланы Ціханоўскай і Лары Дайманда, вядомага амерыканскага палітолага і спецыяліста ў пытаннях вывучэння дэмакратыі. Удзел у ёй бралі палітыкі, эксперты і чыноўнікі ЗША, усяго больш за 200 чалавек.

Падчас гэтай дыскусіі Ціханоўская расказала пра прычыны ўстаяння дыктатуры ў Беларусі, падзеі 2020 года, а таксама што міжнародная супольнасць можа рабіць, каб падтрымаць беларусаў.

Акрамя гэтага, у Вашынгтоне Святлана Ціханоўская атрымала прэмію імя Джорджа Буша і Маргарэт Тэтчэр «За свабоду», якую ўручаюць за асаблівы ўнёсак у прасоўванне каштоўнасцяў дэмакратыі і правоў чалавека.

Таксама гэтую прэмію прысудзілі лідарам дзвюх беларускіх палітычных партый — Рыгору Кастусёву (БНФ) і Мікалаю Казлову (АГП), якія зараз знаходзяцца ў зняволенні.

Святлана Ціханоўская прысвяціла атрыманую прэмію беларускім палітвязням. 

Чытайце таксама:

Прэміяй Буша — Тэтчэр узнагародзілі двух беларускіх палітвязняў і Ціханоўскую

Ціханоўская выступіла ў Ельскім універсітэце

ЗША працягнулі санкцыі супраць «Белавія»

Nashaniva.com