«Яшчэ адзін крок — і яго жыццё магло пайсці пад адхон». Прапагандысты знялі на фоне адчыненай камеры хлопца, які нібыта «прыйшоў з павіннай»
Падпісант канала Mayday team звярнуў увагу на нядаўні выпуск прапагандысцкай праграмы на тэлеканале «Беларусь 4 — Магілёў», у якой расказалі гісторыю 19-гадовага юнака па імені Уладзіслаў. Яго нібыта спрабавалі завербаваць УСУ, але хлопец, маўляў, своечасова схамянуўся і звярнуўся ў «самае бяспечнае» месца — да лукашэнкаўскіх сілавікоў.
07.12.2023 / 22:42
Як сцвярджаецца ў сюжэце, малады чалавек нібыта «цікавіўся ў тыктоку навінамі, каментаваў відэа, падпісваўся на каналы». А пасля «прыйшло паведамленне, што інтэрнацыянальны легіён хоча мяне завербаваць».
Камунікацыі пасля таго ён, паводле версіі прапагандыстаў, не спыніў, бо проста хацеў паглядзець, што будзе далей. А далей яму нібыта прапанавалі, што ён «у пешым парадку павінен перасекчы мяжу, здацца ў палон, а там потым бы яго адправілі на вайну. Пры гэтым сказалі сфоткаць розныя месцы».
Далей усё, паводле сцвярджэння прапагандыстаў, скончылася хэпі-эндам:
«Уладзіславу пашанцавала — паспеў скокнуць у апошні вагон і звярнуцца ў праваахоўныя органы, у поле зроку якіх знаходзіўся на той момант. Яшчэ адзін крок — і яго жыццё магло пайсці пад адхон».
Пры гэтым Уладзіслава здымаюць проста на фоне адчыненай камеры № 2 у будынку Ленінскага РУУС, куды адпраўляюць затрыманых да таго, як павезці ў ізалятар часовага ўтрымання.
Агульны план калідора, які на некалькі секунд з'яўляецца ў сюжэце, толькі пацвярджае, што здымкі з 19-гадовым хлопцам адбываліся ў будынку сілавікоў.
Цалкам верагодна, што як толькі прапагандысцкія здымкі спыніліся, Уладзіслава вярнулі назад у камеру і зачынілі за ім дзверы.
Чытайце таксама:
У анкахворага палітвязня прагрэсуе хвароба, турэмная хіміятэрапія не дапамагае
Штрафам за «экстрэмізм» пакаралі яшчэ аднаго мёрскага медыка