Універсітэт у ЗША страціў $100 мільёнаў з-за адмовы яго дырэктара адназначна асудзіць заклікі да генацыду габрэяў
У аўторак прэзідэнты трох вядучых універсітэтаў ЗША выступалі на слуханнях у Кангрэсе. Іх выступ выклікаў гнеў і абурэнне.
08.12.2023 / 08:08
Прэзідэнт Пенсільванскага ўніверсітэта Элізабет Мэгіл. Фота: Jabin Botsford / The Washington Post via Getty Images
Спонсар Пенсільванскага ўніверсітэта адклікаў грант 100 мільёнаў даляраў пасля скандальнага выступу ў Кангрэсе прэзідэнта гэтай прэстыжнай навучальнай установы, піша Бі-бі-сі.
У аўторак прэзідэнты трох амерыканскіх навучальных устаноў — Пенсільванскага і Гарвардскага ўніверсітэтаў, а таксама Масачусецкага тэхналагічнага інстытута выступалі на слуханнях у Кангрэсе.
Іх выступ, відэазапіс якога разышоўся ў сацсетках, выклікаў гнеў і абурэнне пасля таго, як яны ўхіліліся ад прамога адказу на пытанне, ці будуць пакараныя студэнты, якія заклікаюць да генацыду габрэяў.
Пасля пачатку вайны ў Газе ў амерыканскіх універсітэцкіх кампусах прайшлі дэманстрацыі пратэсту, на якіх часам гучалі антысеміцкія лозунгі.
«Ці парушаюць заклікі да генацыду габрэяў кодэкс паводзінаў [вашага ўніверсітэта] або правілы, якія тычацца здзекаў і цкавання? Так ці не?»— па некалькі разоў пыталася іх кангрэсмен ад Нью-Ёрка Эліза Стэфанік.
Усе тры прэзідэнты ўніверсітэтаў ухіліліся ад прамога асуджэння такіх дзеянняў і заявілі, што ўсё «залежыць ад кантэксту».
Сенатар-дэмакрат ад Нью-Ёрка Кірстэн Гілібранд назвала іх заявы «агіднымі».
Найбуйнейшы спонсар Пенсільванскага ўніверсітэта, заснавальнік і генеральны дырэктар кампаніі Stone Ridge Asset Management Рос Стывенс прызнаўся, што ўзрушаны гэтымі адказамі.
У электронным лісце Стывенс піша: «У мяне ёсць дакладныя падставы адклікаць акцыі Stone Ridge, якія знаходзяцца ў «Пені», на 100 мільёнаў даляраў праз паводзіны ягонага прэзідэнта (Элізабэт) Мэгіл».
Стывенс паведаміў універсітэту, што яго «дазвольны падыход «да тых, хто заклікае да гвалту супраць габрэйскага народа», парушыў бы любую палітыку або правілы, якія забараняюць прыгнёт і дыскрымінацыю па рэлігійнай прыкмеце, у тым ліку правілы Stone Ridge».
Пазней Элізабэт Мэгіл апублікавала відэа на сайце ўніверсітэта, у якім яна просіць прабачэння за свой адказ падчас слуханняў і заяўляе, што засяродзілася на «даўняй палітыцы ўніверсітэта, адпаведнай Канстытуцыі ЗША, якая абвяшчае, што выказванні самі па сабе не караныя».
Ліст Роса Стывенса, аднак, па сутнасці, заклікае да яе адстаўкі.
Чытайце таксама:
WSJ сцвярджае, што Ізраіль плануе затапіць тунэлі ХАМАС марской вадой. Ці рэальна гэта?
Ізраіль выкарыстоўвае штучны інтэлект для ўдараў па Газе
Каго падтрымліваюць беларусы ў палесціна-ізраільскім канфлікце? — вынікі апытання